Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

з княжага роду. Гэтак пад 1278 годам мы знаходзім у летапісах (П. С. Р. Л. ІІ, б. 345).

„Сынъ Тройденовъ Римонтъ, уже въ чернечествѣ сый, живый въ монастырѣ Лавришевскомъ, имя ему чернечское Елисей“.

Хрысьціянства ўсходнага абрадку вельмі рана пранікла ў Крыўскі Новагорадак[1], расьце яно тут і крэпне пры невядомых нам варунках. У другой палавіне ХIII ст. яно на гэтулькі змоцнілася, што вымагае сабе асобнага духоўнага кіравецтва. Візантыцкі імпэратар Андронік Старшы ў 1291 годзе зацьвярджае Новагорадзкую аўтокефальную мітраполію, празначаючы ёй 82 пасад у патрыаршай радзе. Дагэтуль невядома, чым можна тлумачыць стасункова высокае мейсца маладой Новагорадзкай мітраполіі ў герархіі грэцкай царквы — 82-е мейсца на 110 біскупскіх крэсел.

Новагорадзкая мітраполія на адзінадцаць гадоў старэйшая за Галіцкую, якая заснавана ў 1303 годзе і была другой пасьля Кіяўскай на ўсходна-Славянскіх землях. Гэткім чынам, Новагорадзкая мітраполія істнавала ужо да Гэдыміна.

Імя аднаго з першых Новагорадзкіх мітрапалітаў было Тэафіль. З дыплёматара Візантыцкіх імпэратараў відаць, што ў красавіку 1329 году, мітрапаліт Товтвіль (Tovtvilus) прыймаў учасьце у Канстантынопальскім сынодзе (Асtа patriarch. Constantinopoli, І., бал. 147). Акром гэтага, Новагорадзкія мітрапаліты упамінаюцца, як учасьнікі Канстантынопальскіх сынодаў у 1317 г. (жнівень), і 1327 г. (студзень), але безыменна („Latopisiec Litwy i kronika Ruska“) выд. Даніловіча, бб. 72 і 143).

Устаноўленьне ў Новагорадку аўтокефальнай мітраполіі было справай, вымагаючай упорнага змаганьня з цэнтралізмам кіяўскіх мітрапалітаў, якія ўвесь час напіралі на Канстантынопальскі патрыархат, дамагаючыся скасаваньня гэтай мітраполіі, але Новагорадак, упорна вёў змаганьне за сваю незалежнасьць і даволі памысна. У ліпні 1361 году, патрыаршай граматай акрэсьляюцца граніцы Новагорадзкай мітраполіі, ў склад яе ўходзяць біскупіі: Новагорадзкая, Тураўская і Полацкая: акром Смаленска, — немаль усе крыўскія землі. Пасьля-ж заняцьця Кіява, Новагорадзкія мітрапаліты стараюцца ўлучыць або ўзалежніць ад сябе і Кіяў.

Палітыка Альгерда была зьвернута на Ўсход і імкнулася да утварэньня з Крыўскіх, Украінскіх і Літоўскіх зямель крэпкай дзяржавы ад Балтыцкага да Чорнага мора. Мудрай палітыкай ён пашыраў сваю ўладу на Вітабск, Полацак, Смаленск, Вільню, Новагорадак і Кіяў. Але ён разумеў, што гэта вялікая дзяржава можа ўтрымацца толькі тады, калі жыхары яе будуць зьліты ў адно цэлае рэлігіяй.

Да гэтага спасобіўся Альгерд і, як здаецца, спасобіў да таго ўсе свае землі. Але перш ён хацеў мець у межах свае дзяржавы кіравецтва праваслаўнай царквой. З гэтай мэтай пачаў дабівацца ў Канстантынопальскага патрыархату, каб брат яго жонкі (Марыі Яраслаўны, кн. Вітабскай), князь Ра-

  1. Крыжацкі хронікар Дусбург (Dusburg сар., 315) пад 1314 г. піша: „Брат Гэнрык Маршалак… прыйшоў у зямлю Крывіція (Crivitae) і места яе, званае Новагорадак (Novagardia) здабыў“.