Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

ман, мітрапаліт Новагорадзкі, быў высьвячаны і на мітрапаліта, „ўсёй Русі“, з аддачай пад яго зьверхнасьць мітраполіі Новагорадзкай, Галіцкай і Кіяўскай, а такжа біскупіі Маскоўскай.

Гэтага апошняга баялася Масква і са свае стараны рабіла захады перад патрыархам, каб яе кандыдат, Аляксей, быў высьвячаны на мітрапаліта Кіяўскага і „ўсёй Русі“, з мейсцам прабываньня ў Валадзімеры-Суздальскім.

У 1354 годзе Канстантынопальскі патрыархат, атрымаўшы ад абодвых кандыдатаў багатыя дары, абодвых-жа, і Маскоўскага — Аляксея, і Новагорадзкага — Рамана, немаль адначасова, высьвяціў на Кіяўскіх мітрапалітаў і „ўсей Русі“.

З гэтага моманту пачынаецца доўгае і упорнае змаганьне за ўплывы над праваслаўнай царквой паміж Літвой і Масковіяй. Як вынік гэтага змаганьня, утвараецца яшчэ адна новая мітраполія — Валадзімера-Маскоўская. І Масква і Новагорадак імкнуцца заваладзець тытулам Кіяўскага мітрапаліта. Масква з гэтай мэтай пачародна ўсіх першых сваіх мітрапалітаў кананізуе і ставіць на аўтары, акружае іх аўрэолям сьвятасьці, а аб Літве шырыць вестки, што гэта край паганскі, дзе забіваюць і прасьледуюць хрысьціянаў (гл. ніжэй: „Мученіе святыхъ Новоявленыхъ мученікъ родом Літвы Іоанна, Антонія і Еустаѳія“). Адна і другая старана добра разумее, што каля пытаньня аб цэнтры царкоўнага кіравецтва важацца лёсы пад кім об’яднаецца ўсходная Славяншчына — пад нашчадкамі Гедыміна, ці Івана Каліты. Масковія была паярэмлена татарамі, Літва была вольнай. Усе шансы былі на старане Гедымінавічаў.

Ход гісторыі быў павернуты саўсім ў іншы бок сынам Альгерда, В. Кн. Літоўскім Ягайлам, які перайшоў у каталіцтва і злучыў Літву з Польшчай. Ягайлавічы сталіся пропагатарамі рымскіх уплываў, а Масква атрымала нечаканы сукцэс: у яе рукі перайшло кіравецтва „рускай верай“ і, — што з гэтага вынікае, — народнасьцю. Вял. Кн. Маскоўскі становіцца адзіным праваслаўным манархам на славянскім усходзе.

Вельмі загадковае і дагэтуль яшчэ выстарчаюча ня высьветленае пытаньне аб „паганстве“