Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

Няма больш занядбанай дзедзіны ў сьветавой пісьменнасьці як гісторыя паняволеных народаў. Вышэйсказанае асабліва кідаецца ў вочы калі ўзяць якую колечы галіну нашай, крыўскай, гісторыі. То знача гісторыі народу, каторы, ня так яшчэ даўно, жыў сваім самаістым палітычным і культурным жыцьцём. Супярэчнасьць між сьведчаньнем гістарычных помнікаў і асьвятленьнем іх сучаснай пісьменнасьцю — прост паражаючая. Бяручы ў рукі гістарычную кнігу часовых нашых пераможцаў, ня ведама чаму больш дзівіцца, ці іх безкрытычнасьці, ці паражаючай умеласьці тэндэнційна выкарыстываць об’ектыўныя сьведчаньні гісторыі.

І, запраўды, сколькі трэба безкрытычнасьці або надуманай волі, каб, прыкладам, з паважнай мінай, чалавек, з імем гісторыка, мог гаварыць аб Русі, як аб націі засяляючай усходна-эўропэйскую раўніну! Усякаму ведама, што пад імем Русь, калісь, у ІХ стагодзьдзі, прышла на ўсходна-славянскія землі нормандзкая вольніца, не славянскага, а нормандзка-нямецкага племя. Гэта нормандзка-нямецкая вольніца дала рожназоўным і рожнамоўным усходна-славянскім плямёнам пануючую дынастыю, эвэнтуальна — вярхі грамадзянства, якія растварыліся ў славянскім моры, і, ўрэшце, даўным даўно зыйшлі з гістарычнай арэны. Яшчэ большую безкрытычнасьць выказуе гісторапісь трактуючы генэзу і істоту літоўскага пэрыоду нашай мінуўшчыны. Тут ужо такое награмаджэньне ачавістых нісянеціц, што найсьвятлейшыя галовы, замест разсьвятляць пануючую цемру, самі пагразаюць у бязвыхадных лабірынтах супярэчнасьцяў, награмаджаючы новыя загаты на шляху надыходзячай патомнасьці. А літоўскі сфінкс, сваей паражаючай масай гістарычных фактаў і матэр’ялаў, высіцца панад кніжнымі і архіўнымі людзьмі роўна не разгаданы і неясны на балонах кронік XVI як і ў найвыдатнейшых працах гісторыкаў XX стагодзьдзя.

Прычына ў тым, што найранейшыя летапісы дадавалі нам не істотную гісторыю, а палітычныя трактаты ілюстраваныя сякімі-такімі жывымі падзеямі, на апраўданьне гістарычных злачынаў і гвалтаў дакананых над вольнымі народамі, тымі або іншымі, дынастыямі і палітычнымі цэнтрамі. Гісторыя дагэтуль была служкай палітыкі пануючых дынастый і дзяржаў. Довадаў на выжсказанае — мільёны, ня толькі з даўных, але з навейшых і найнавейшых часаў. Прыкладам, у гэтай кнізе, на 636 балоне, мы сумысьля зьмесьцілі адзін з такіх „гістарычных сьведчань“, гэта ёсьць мэдаль адбіты царыцай Кацярынай ІІ, на прылучэньне крыўскіх зямель да Масковіі (пераназванай у 1725 годзе ў расійскую імпэрыю). На мэдалі красуецца вымоўны і самапэўны надпіс: „оттор-