Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

„докончалъ есмь по тому докончанью, како то брать мой старѣйший Кгедиминъ и его дѣти Глѣбъ (Нарымонт) и Алкердъ докончали“.

Смаленск да ІХ ст. быў галоўным горадам племя Крывічоў. Пасьля таго, як Варагі абасновіліся ў крыўскім Ноўгарадзе, ў хуткім часе сучасьнік Рурыка Алег падбіў і Смаленск. З гэтага часу князяваў тут род варажскіх князёў Рурыкавічаў і Смаленск пераходзіў з рук у рукі да ХІІ стагодзьдзя. У 1127 годзе Смаленск вызваліўся з-пад улады дынастыі кіяўскіх князёў. Першым незалежным князям быў у Смаленску Расціслаў Мсціславіч (1127–1159). З гэтага часу дынастыя Расціславічаў стала князюе ў Смаленску, які ўходзіць у круг інтэрасаў крыўскіх зямель, што раз больш адыходзячы ад кругу інтэрасаў украінскіх і маскальскіх зямель. З канца ХІІІ і да пачатку ХV ст. Смаленск змагаецца за сваю незалежнасьць. Нажаль, аб гэтым героічным кругабегу часу захавалася мала вестак. Тлумачыцца гэта тым, што смаленскія летапісы пагінулі ў часе войн і пажараў, а ўсходна-рускія летапісцы не займаліся ўжо Смаленскам, як ня ўходзячым у круг іх інтэрасаў. Калі заходна-крыўскія землі пачалі адбудовываць сваю даўную незалежнасьць пад імем Літвы, Смаленск раней-пазьней павінен быў увайсьці ў склад Літоўска-Крыўскай дзяржавы.

І, вось, пры Александры Глебавічы, як ўжо пачала крэпнуць Масква, якая перш прыслухала Смаленску, то яна стала адрываць да сябе смаленскія гарады. Прыкладам, калі Маскоўскі князь Юры Данілавіч (†1325) адабраў Мажайск, то Смаленск збліжаецца да Літвы. Ужо з умовы Гедыміна з Рыгай (1338 г.), даведываемося, што Смаленскі князь Іван Александравіч, сын Александра Глебавіча, лічыцца „малодшым братам“ Гедыміна.

Пры Альгердзе, сыне Гедыміна, збліжэньне Смаленскай зямлі з рэштай крыўскіх зямель, а’бяднаных у вял. кн. Літоўскае так змоцнілася, што смаленскія князі ўступаюць у склад Літвы, як фэдэральная часьць яе. Вялікі кн. Альгерд становіцца крэпкім абаронцам Смаленскай незалежнасьці ад прэтэнсій Масквы: гэтак пры Сімеоне Гордым (1341†1353) Альгерд хадзіў на Маскву, каб вярнуць Смаленску Мажайск, але гэта чамусь не ўдалося; ў 1352 годзе Маскоўскі князь Сімеон выступіў з грамадным войскам супроць Смаленскага князя Івана Александравіча, за якога заступіўся Альгерд і паход кончыўся перагаворамі сьпярша на рацэ Протве, а пасьля — Угры. Бачучы, што сілай ня здужае заваладаць Смаленскам, Масква пачала праз сваіх староннікаў падгатаўляць у Смаленску паўстаньне, якое выбухла ў 1358 годзе, але няўдачна.

У 1359 годзе Смаленскі князь Іван Александравіч памёр; сын яго Сьвятаслаў Іванавіч урочыстай прысягай змацаваў сваё добравольнае аб’яднаньне з вялікім князьствам Літоўска-Рускім (Крыўскім).

За Смаленск, паміж Альгердам і Масквой, былі частыя закалоты, але Масква ў ХІІІ ст. ня была яшчэ паважнай сілай. Ўзаемастасункі тагочаснай Масквы і в. кн. Літоўска-Рускага (Крыўскага) даволі добра характэрызуе апавяданье аб адным з паходаў Альгерда на Маскву пры Маскоўскім князю