Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/133

Гэта старонка не была вычытаная

паганскай партыі Кумец і Нежыло былі павешаны за горадам у дубовым гаю, дзе цяпер стаіць Сьв.-Троецкі манастыр. Хрысьціяне зьнялі целы павешаных за хрысьціянства, а, знача, мучанікаў і пахавалі іх у царкве сьв. Мікалая. Гэта было каля 1346—7 году. Праз некалькі месяцаў пацярпеў на тым-жа мейсцы сваяк Кумца і Нежылы, лоўчы Куклей (іншыя называюць — Міклей), па прозьвішчу Круглец, які быў прыняўшы хрысьціянства пад імем Астапа (Еустаѳія). Сумнае здарэньне Масква пасьпяшыла выкарыстаць для сваіх палітычных мэт перад Канстантынопальскім патрыархам. Маскоўскі мітрапаліт Аляксей у 1355 годзе прызнаў іх сьвятымі. У выніку вышла, што ў в. кн. Літоўскім пагане мучаць хрысьціянаў. Гэты аргумант ў тыя часы быў вельмі важны, бо і Масква і Вільня вялі змаганьне за патранат над усходнім праваслаўем. Маскве важна было утрымаць патрыарха ў пераконаньню, што літвіны — „агнепаклоннікі“, пагане, не глядзя на тое, што і сам Альгерд быў хрысьціянінам і яго пасад быў акружаны хрысьціянамі таго-ж усходнага абрадку. Гэта нетасоўнасьць гістарычных данных з жыцьёпісам мучанікаў прымусіла навейшых праваслаўных гісторыкаў высунуць гіпотэзу, што Кумец, Нежыло і Круглец былі замучаны не пры Альгердзе, а пры Гедыміне (гл. „Истор. оч. православія, католич. и уніи въ Бѣлорус. и Литвѣ“, Вільня, 1899, б. 17 ссылка). Ад 1347 і да 1826 году ніякіх пэўных данных аб рэліквіях гэтых сьвятых няма.

Рэліквіі былі знойдзены ў 1826 годзе ў сьв.-Духаўскай манастырскай царкве, тагочасным архімандрытам і выстаўлены на пакланеньне з ўрочыстымі цэладнеўнымі набажэнствамі манахаў. Але гэта чамусьці непадабалася Віленскаму генерал-губэрнатару Рымскаму-Корсакову, і па яго загаду ў царкву прыйшоў паліцмайстар і патрэбаваў каб рэліквіі былі паложаны ізноў у склеп. Архімандрыт пажаліўся на гэта Менскаму архібіскупу Анатолію, якому прыслухаў тады Віленскі сьвятадухаўскі манастыр. Архіб. Анатолі патрэбаваў ад архімандрыта тлумачэньня, па чым ён пазнаў, што гэта ёсць рэліквіі тых самых сьвятых. Архімандрыт даў патрэбнае тлумачэньне, якое пайшло ў Сьвятарнейшы Сынод. Сынод назначыў Менскага архібіскупа Анатолія і біскупа Нежынскага і Чарнігаўскага Лаўрына упэўніцца на мейсцы, ў Вільні, аб праўдзівасьці рэліквій. Названыя біскупы, агледзіўшы, прызналі рэліквіі праўдзівымі. З вывадам біскупаў згодзіўся і Сынод. („Живописная Россія под рэдакціей Семенова“ СПБ. 1882, бб. 134–144). Гэткім чынам імёны пабітых за „рускую веру“ яшчэ раз былі выкарыстываны, але ўжо пры другіх ўзаемастасунках Масквы і Вільні.

ВИЛЕНСКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІІІ–ХІV СТ. Гэтае Евангельле ў пачатках ХІХ ст. бачыў у Прачысьценскай царкве гісторык Нарбут, які знайшоў у ім цікавы для гісторыі запіс:

„Великіи литовскій князь Андрей Гедыминовичъ, въ святой схимѣ Алексій, усопши на память Палтона и Романа“.

Нам здаецца, што аднак запіс ня быў акуратна расчытаны Нарбутам, бо імя Альгерд ёсць выводнае ад „Александр“, а не ад „Андрэй“.