Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

ПОЛАЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Прыналежала полацк. Прадцечанскаму манастыру, цяпер у Петраградзкай Публ. бібліатэцы („Кат. библ. Толст.“, ІІ, № 3). Пісана уставам.

ВІТАБСКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Прыналежала полацкаму Прадцечанскаму манастыру. Ў пачатках ХІХ ст. забрана ў Петраградзкую Публічную бібліатэку. (Аддзел І, № 2).

ГРАМАТА КНЯГІНІ ЮЛЬЯНІІ, ЖАНЫ В. КН. АЛЬГЕРДА, КАЛЯ 1377 ГОДУ. Грамата ўпісана ў Евангельле ХІV ст., якое пераховуецца ў Петр. Публ. бібліатэцы („Кат. библ. гр. Толст.“ ІІІ, № 3). Грамату гэту даем тут у адбітцы. Кн. Юльянія, другая жана в. кн. Альгерда, жыла пасьля яго сьмерці ў Вітабску (†1377), як дажывотная валадарка Вітабскага князьства. У часе бытнасьці ў Вітабску Юльянія заснавала пры царкве Сьв. Духа, пабудаванай яшчэ Альгердам, жаночы Духаўскі манастыр, дзе пастрыглася ў манахіні, прыняўшы імя Марыя.

Княгіня Ульянія якабы пахавана ў Вільні ў Прачысьценскім саборы. У 1810 годзе, пры перабудоўцы гэтага сабору на анатомічны тэатр, была знойдзена сярэбраная нагробная дашка, на якой было імя „Ульянія“, дашку ўзяў тагочасны рэктар віленскага унівэрсытэту Малеўскі, і яна, як непажаданы помнік мясцовай (ня — польскай) гісторыі, недзе зьнікла. („Сборн. пост. по мин. нар. просв.", Т. І., бал. 456). Ў „Собр. Др. грам. и акт.“, Вільня, 1843 г. сказана „была выкапана бляшаная дашка з рускім надпісам імені княгіні Ульяны“.

ТРОЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Пісанае ў чацьвёрку, ў адну гранку, уставам. Выдана літаграфаванымі табліцамі.

ГРАМАТА В. КН. ВІТАЎТА ТРОЦКАМУ БОГАРОДЗІЦКАМУ МАНАСТЫРУ, 1384 Г.

„Мы велики князь Витовт нареченный во святомъ крщени Александеръ, дали мы на просьбу и на жоданье княгини нашое великое Ульяны, къ монастыру нашому троцкому рожеству светое пречистое, озера троцкого луку аж до великое дороги, гдеж и камень на горе казали есмо передъ собою положити, а други камень за озеромъ противъ того каменя казали есмо положити, близко рогу, што на горе положонъ, маеть игуменъ по тую границу тую луку держати и вживати и его потомки на вечные часы а втот монастыръ и в тую луку, не мають се вступовати, ни митрополитъ, ани владыка, ани воевода троцки ани ихъ наместники“.

(„Собр. Др. грам. и акт.“, ч. ІІ, № 55).

ГРАМАТА ПОЛАЦКАГА КН. АНДРЭЯ КРЫЖАЦКАМУ ОРДЭНУ, 1385 Г.; захавалася ў летапісе. (Срезневскій „Славяно-русск. палеографія“, б. 226),

Па сьмерці Альгерда (†1377 г.) асталося 12 яго сыноў і сем дачок.