Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/137

Гэта старонка не была вычытаная

маў шаснадцацітыднёвую аблогу і, урэшце, калі крыжакі адыйшлі, Ягайлава войска было разьбіта палачанамі. За год-два пасьля гэтага Ягайла усё-ж такі сагнаў Андрэя з Полацка і палачанаў строга пакараў. Пазбаўлены удзелу, Андрэй сьпярша шукаў помачы супроць Ягайлы ў Маскве, пасьля зьвярнуўся да крыжакаў, якія з раскрытымі абоймамі прыймалі ўсіх ворагаў суседніх сабе дзяржаў. У грамаце сваёй, пісанай на імя Магістра Лівонскіх Крыжакаў, Андрэй называе яго бацькам і мілым прыяцелем і адказывае ордэну тое, чаго сам ня меў, — Полацкае князьства, з варункам, што калі крыжакі, атабраўшы Полацак у Ягайлы, перададуць яму на ленных правох, то ён і наступнікі яго абавязаны будуць служыць крыжакам, як даннікі. Немцы ня грэбавалі і гэткімі дарамі.

І вось, у 1386 годзе, калі Ягайла сьвяткаваў у Кракаве сваё вясельле с польскай каралеўнай Ядвігай, — лівонскі магістр Цольнэр, з двумя арміямі, а Андрэй с трэцяй, уварваліся ў Полацкае князьства. Адначасна Смаленскі князь Сьвятаслаў Іванавіч выступіў ад Смаленска. Андрэй і крыжакі падбурывалі ўсе крыўскія землі да паўстаньня супроць Ягайлы, за адступніцтва яго ад веры бацькоў, але ня мелі ў народзе ні веры, ні послыху. Крыжакі, ня здолеўшы нічога дасягнуць (адзін горад Лукомль здужаў утрымаць на сабе напор крыжакаў), адступілі, захапіўшы больш 3000 палону і награбіўшы рожнага дабра.

У гэтым-жа годзе Смаленскі князь Сьвятаслаў Іванавіч, пляменік яго князь Іван Васілевіч і сыны Смаленскага князя Юры і Глеб, рушылі ад Смаленска на Вітабск і Оршу. Але гэты горад зачыніўся перад ім, дакараючы яму здраду. Злучаныя войскі дапускаліся надзвычайных тыранстваў: палілі безбаронных людзей сотнямі ў драўляных будынках, душылі пад паднятымі сьценамі, садзілі на кол дзяцей і жанок. Летапісцы з агідай апісуюць зьверства гэтай вайны. Урэшце, на берагох ракі Вехры войска Сьвятаслава было разьбіта. У бітве палёг Сьвятаслаў, пляменік яго Іван Васілевіч, а сыны Юры і Глеб узяты ў няволю.

ГРАМАТА ВЯЛ. КН. АЛЕКСАНДРА-ВІТАЎТА КЭСТУТАВІЧА ВАСІЛЮ КАРАЧОЎСКАМУ 1386 Г. Пісана ў Полацку. Выд. у „Актахъ Зап. Россіи, І № 6.“ Пераховуецца ў Львове ў бібліатэцы Оссолінскіх.