Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/139

Гэта старонка была вычытаная

Хрыста і мсцілі за гэта далёкім пакаленьням эмігрантаў за тыя падзеі, якія мелі калісь мейсца на іх далёкай бацькаўшчыне.

Асабліва цяжкае палажэньне жыдоў было ў Эўропе ў сярэднія вякі. Найменшая прычына, найменшы зьбег варункаў, ці проста злосная, або нават сабекарысьлівая напасьць — кідалі на жыдоў гарадзкую чэрнь, якая нападала на жыдоўскія кварталы, грабячы і забіваючы.

Жыды — выгнанцы, пазбаўленыя права валадаць нярухомай ўласнасьцю, адсунутыя ад грамадзкага жыцьця, адзінай крыніцай да свайго істнаваньня мелі таргоўлю. Цяжкае жыцьцё навучыла іх адмаўляць сабе ў найменшых збытках, абыходзіцца абы чым і абы як і прывучыла да ашчаднасьці. Адзіным збаўленьнем іх ад прасьледаваньняў і нападак і адзінай крыніцай да жыцьця былі грошы. Ашчаднасьць і таргоўля награмаджалі ў руках жыдоў грошы, і гэта апошняе было такжа прычынай няпраўд і няшчасьцяў.

І ў той час, калі ў Эўропе жыды жылі на палажэньні адкінутых і прасьледаваных, в. кн. Вітаўт выдаў жыдом прывілей, якім ён ня толькі зраўняў жыдоў у правох з рэштай жыхарства, але яшчэ даў ім некатарыя асаблівыя прывілеі на займеньнеся рэмёсламі і таргоўляй.

Свабоднае палажэньне жыдоў у Літве было прычынай вялікай жыдоўскай эміграціі ў Літву, асабліва з нямецкіх краёў, у часы — ад Вітаўта да Жыгімонта-Аўгуста.

Па атрыманьні свабод у Літве, жыды-перасяленцы чуліся ў абавязку прыняць у набажэнстве мову сваей новай бацькаўшчыны. Дзеля гэтага і была перакладзена ў ХV ст. Біблія з падзеламі яе на чытаньні ў сынагогах. Дагэтуль яшчэ ня высьветлены прычыны, чаму крыўская мова ў пазьнейшыя часы выйшла з сынагогальнага ўжытку. У кождым здарэньні Біблія ХV ст. Віленскай публічнай бібліатэкі зьяўляецца вынікам геніяльнай дзейнасьці в. кн. Вітаўта і яго палітыкі ў стасунку да прасьледаванага ў тыя часы ў Эўропе жыдоўскага народу.

ГРАМАТА КНЯЗЯ ДЗІМІТРА-КАРЫБУТА АЛЬГЕРДАВІЧА НА ВЕРНАСЬЦЬ КАРАЛЮ ЎЛАДЫСЛАВУ (ЯГАЙЛЕ) 1388 Г. Пісана ў Кракаве. Архіў Чартарыскіх і Archiwum Sanguszków, І. 10.

ГРАМАТА КН. ДЗІМІТРА АЛЬГЕРДАВІЧА НА ВЕРНАСЬЦЬ ПОЛЬСКАМУ КАРАЛЮ ЎЛАДЫСЛАВУ (ЯГАЙЛЕ) 1388 Г. Пісана ў Маладэчне. Арыгінал у бібл. Красін. у Варшаве. Выдана ў Галавацкага ў „Науков. Сборн.“ 1866, І, 36; „Вил. Вѣстн.“ 1886 г., № 45; „Собр. актовъ“ Круповича і ў „Свѣд. и зам.“ Срезневскаго, LIIІ, б. 213.

ПРЫСЯЖНАЯ ГРАМАТА КН. СЫМОНА ЛУКВЁНА АЛЬГЕРДАВІЧА НА ВЕРНАСЬЦЬ КАРАЛЮ ЎЛАДЫСЛАВУ (ЯГАЙЛЕ) 1389 Г. Пісана ў Судоміры. СПБ. Пуб. бібл. Выдана ў „Акт. Зап. Росс.“, І, № 10.