Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/141

Гэта старонка не была вычытаная

Масквы ў ХV і ХVІ ст. Патомкі кн. Луквёна называлі сябе Луквенавічамі (Лукгвеніевичи, Лугвеніевичи, а нават — Лингвеневичи).

Князь Луквён княжыў у Мсціслаўлі да 1431 году (46 гадоў) і памёр, маючы восемдзесят гадоў. Ад 1389 да 1407 году князь Луквён быў намесьнікам у Вялікім Ноўгарадзе. Будучы на вясельлі Ягайлы ў Кракаве ў 1386 годзе, Луквён, адзіны з паміж братоў Ягайлы, не перамяніў веры. Ён і да канца жыцьця трымаўся ўсходнага абрадку, будуючы цэркві і манастыры. У 1380 годзе ён заснаваў каля Мсціслаўля Пустынскі Успенскі манастыр, які ў свой час славіўся перапісчыкамі кніг. Вельмі магчыма, што вядомае „Аршанскае Евангельле“ зьяўляецца помнікам, які сьведчыць аб красопісным умецтве мніхаў гэтага манастыра.

Сын Луквёна, Юры, ўславіўся сваім мужствам ў Грунвальдзкай бітве. У гэтай бітве, злучанымі сіламі Крывічоў (Беларусаў), Літвіноў, Палякаў, Чэхаў і др. зломлена была нямецкая сіла і спынена імкненьне немцаў на ўсход. У станоўчы момант гэтай бітвы, калі польскія войскі кінуліся ўцякаць і ў абозе злучаных процінямецкіх сіл пачаўся перапалох, толькі першы, другі і трэцьці Смаленскіе і Мсціслаўскі палкі, пад камандай маладога князя Юр’я Луквёнавіча, не паддаліся агульнаму перапалоху і, стойка вытрымаўшы на сабэ страшэны напор немцаў, далі магчымасьць вял. князю Вітаўту сабраць уцякаючых і ўшыхаваць іх. Тады толькі шчасьце перашло на старану злучаных сіл, і немцы былі ўшчэнт разьбіты.

ПРЫВІЛЕЙ КН. СЬВІДРЫГАЙЛЫ ПОЛАЦКАЙ ЗЯМЛІ, ДА 1394 Г. упамінаецца ў грамаце Жыгімонта 1571 г. (Срезневскій „Славяно-русская палеографія“).

ГРАМАТА ВЯЛ. КН. ЎЛАДЫСЛАВА (ЯГАЙЛЫ), 1394. ПІСАНА Ў КРАКАВЕ. Архіў Чартарыскіх. „Archiwum Sanguszków“, І, 17.

СМАЛЕНСКІ ПСАЛТЫР 1395 ГОДУ. Пісаны і аздоблены рысункамі рукі Лукі Смаленца. Рукапіс знаходзіцца ў „Россійскомъ Историческомъ Музеѣ“.