Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/142

Гэта старонка не была вычытаная

Гэты рукапіс, які ня мае роўнага сабе па аздобнасьці выконаньня, распадаецца на дзьве часьці: на Псалтыр і Часасловец. Першая часьць пісана прыгожым, сьціслым, просталінейным, буйным уставам ў адну гранку, а другая палавіна — дробным уставам ў дзьве гранкі, чарніламі каштанаватага колеру. Характар пісьма пэўны, мастацкі. Асабліва вялікую сьмеласьць і рожнаякасьць тасуе пісец, калі ён крэсьліць тайнопіс, якой у кнізе даволі многа і якая дагэтуль яшчэ не прачытана.

Псалтыр аздоблены 3 міньятурамі, 22 застаўкамі і больш 150 аздобнымі колернымі і часьцю залочанымі пачатнымі літарамі: імі пачынаецца кожды псальм і кожды верш.

„Як вытвар рук смаленца, разгляданы Псалтыр служыць наўзвочным довадам таго, як высока стаяла ў старым Смаленску ў ХІV ст. умецтва кнігапісаньня і маляваньня, а такжа іконапіснае мастацтва“ (К. Г. Богуславскій „Замѣчательный памятникъ древней Смоленской писменности ХІV вѣка и имѣющійся въ немъ рисунокъ символико-политическаго содержания“. „Древности“. Труды Имп. Маск. Арх. Общ. Т. 21. Вып. І, М. 1906, бб. 77–88 + Табл. ХІІ–ХХ).

Міньятуры нашага помніка вызначаюцца надзвычайнай мастацкасьцю рысунка і закончанасьцю композыціі. Гэта самае можна сказаць і аб застаўках і агалоўных літарах. Асаблівае багацьце фантазыі, нязвыклую тэхніку і характэрнае злучэньне фігур выказаў аўтор у маляваньні паасобных людзей і груп.

Мужчынскія фігуры на аднэй з міньятур выабражаны ў сьвітах з гузікамі, чырвоных ботах і шлыкох на галовах, прыклякнутыя з паднятымі малебна ўверх рукамі. У аднэй з пачатных літар (літара Б) зьвісаючыя ступні ног паслужылі матэр’ялам да прыгожай арнамэнтыкі. Літара Н ўложана з дзьвёх фігур, намаляваных на сіняй асноведзі яе бакавых ліній. Адна з гэтых фігур стаіць на каленях, правая рука паднята да чала, а левая выцягнута і трымае другую фігуру — рыбу, якая стаіць на хвасьце і гэткім чынам левая рука служыць папярэчніцай для літары. Сымволізм, уложаны аўторам ў гэты рысунак, астаецца загадкай. Такжа загадкова кампазыція літары В. Тут выабражана фігура жанкі, якая раскошна разселася на складным услончыку з паложанай на яго падушкай. У паднятых руках жанчына трымае рог; ногі яе ўсунуты ў кальцо з нейкай незразумелай рэччу, якую Богуслаўскі лічыць замком. Абастоўка, якая акружая жанчыну, збыткоўная.

Асабліва цікавы рысункі сабак, хвасты якіх пераходзяць у завіткі аканту або пёраў. Цікава кампазыція льва, стылізація якога, паводле С. О. Долгова, прыпамінае ўсходныя арнаманты эпохі Сасанідаў. У адзін з рысункаў літары Б ўстаўлена цэлая лавецкая сцэна.

На адвароце 72 балоны памешчана сымволіка-палітычны рысунак, значэньне якога зьяўляецца таксама загадковым. На балоне нарысаваны 4 дзіватворы з надпісамі: Рымскі цар, Македонскі цар, Вавілонскі цар і антыхрысі, а пасярэдзіне, паміж імі, — фігурка нейкага малога зьвярка, здаецца, — зайца. Богуслаўскі тлумачыць гэты рысунак у тым сэнсе, што тут выабражана цяж-