Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/151

Гэта старонка не была вычытаная

„Ня скрыю ад вас — піша Кіпрыян названым вышэй ігуменам — і ад усяго хрысьціянскага роду, што рабілі са мной, чаго не рабілася над ніводным сьвяціцелям, як станула руская зямля. Я прызваленьнем Божым, і выбарамі вялікага і сьвятога сабору і, благаслаўленьнем ўсесьветнага патрыарха, пастаўлены мітрапалітам на ўсю рускую зямлю, як ведама ўсім. І цяпер паехаў быў са ўсей чыстасардэчнасьцю да вялікага князя. Але ён разаслаў паслоў, каб не прапусьціць мяне, зрабіў заставы, сабраў войска, паставіў над ім вояводаў і наказаў ім, якое зло зрабіць са мной і навет аддаць мяне безміласэрна сьмерці. Я, заховуючы князя ад бязчэсьця і клапоцячыся больш аб душы яго, прайшоў іншым шляхам, спадзяючыся на сваю любоў да яго і яго княгіні і яго дзяцей; але ён прыставіў да мяне мучыцеля, праклятага Мікіпара, і якога зла не ўчыніў нада мной? Ганьбы, зьдзекі, насьмешкі, грабежніцтва, голад! Мяне ноччу вязьніў нагага і галоднага, і ад тэй сьцюдзёнай начы дагэтуль мучуся… Калі сьвецкія баяцца князя таму, што у іх жоны і дзеці, набыткі і багацтвы, якіх яны ня хочуць пазбавіцца…; то вы, што адракліся сьвету і жывеце дзеля аднаго Бога, як вы, бачучы такую злосьць, змоўчылі? Калі вы хочаце дабра для душы вялікага князя і ўсей вотчыны яго, чаму вы маўчалі?“… „Я ехаў да яго благаславіць яго, і княгіню яго, і дзяцей яго, і баяраў яго, і ўсю вотчыну яго, і жыць з ім ў сваёй мітраполіі, як жылі мае браты з яго бацькам і дзедам, вялікімі князямі, а яшчэ хацеў дарыць яго чэснымі дарамі. Вініць мяне ў тым, што я перш быў у Літве: але што злога зрабіў я, будучы там? Калі я быў у Літве, то многіх хрысьціянаў свабадзіў з горкага палону, многіе з ненавідзячых Бога пазналі праз нас праўдзівага Бога і прыйшлі да правай веры праз сьв. хрышчэньне. Будаваў я сьв. цэркві, угрунтаваў хрысьціянства, прылучыў да рускай цэркві мейсцы царкоўныя, якія за даўнасьцю лет былі запусьцеўшыя. Новагорадак літоўскі даўно адпаў, а я прывярнуў яго, і аднавіў дзесяціну мітраполіі і сёлы“.

4. „Житіе св. Петра, митрополита кіевского“. Надрукавана ў „Степенной книгѣ“ І, 410. У гэтым творы, які аўтор абапер на тым, што чуў са слоў, ён ня толькі выабражае ўсё жыцьцё сьвятога ад нарадзін да яго сьмерці, але пералічае некатарыя цуды па яго сьмерці ў тым ліку і цуда, якое сам дазнаў.

5. „Прощальная грамата“. Гэта ўласьціва ёсьць тэстамант мітрапаліта, які напісаў ён за чатыры дні да сьмерці. У ім памесьціў ён вызнаньне веры і прашчаньне са сьветам. Грамата гэта была прачытана над яго гробам. Летапісцы аб ёй адзываюцца з вялікай пахвалай. Надрукавана ў „Полн. Собр. Р. Лѣт.“, V, 254; „Никон. Лѣт.“, V, 3; „Акты отн. къ город. быту Росс.“, І, 543.

У летапісе Татішчава (ІV, 424) прыпісываюцца Кіпрыяну яшчэ некатарыя другія навучныя працы:

„книги своею рукою писаше, яко въ наставленіе душевное, преписа соборы, бывшія въ Руси, многія житія святыхъ русскихъ и степени великихъ князей русскихъ; иная-ж въ наставленіе плотское, яко правды и суды, и лѣтопись русскую, отъ начала земли русскія вся по ряду, и многи книги къ тому собравъ, повелѣлъ архимандриту Игнатію спасскому докончати, яже и соблюдохъ“.