Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

Аб мітрапаліце Кіпрыяне ведама што, ён быў ураджэнцам Літвы (гл. „Полн. прав. богосл. энциклоп. словарь“, VIII, 1276), жыў доўга на Афоне і быў урадоўцам у Канстантынопальскага патрыарха, які асабіста яму даручыў разабраць на мейсцы спрэчку вял. кн. Альгерда з Маскоўскім мітрапалітам Аляксеям. У тыя часы істнавала аўтокефальная Літоўская мітраполія (Новагорадзкая) і Альгерд, падбіўшы Кіяў, стараўся перад патрыархам, каб Новагорадзкі мітрапаліт Раман (Вітабскі князь, брат жонкі Альгерда) меў адначасова тытул мітрапаліта Кіяўскага і ўсей Русі. Маскоўскі-ж князь гэтага самага тытулу стараўся для свайго кандыдата — Маскоўскага мітрапаліта Аляксея. Умелай палітыкай Кіпрыян памог Альгерду адсунуць Аляксея і дабіцца перад патрыархам назначэньня Рамана. Па сьмерці Аляксея, мітрапаліта Маскоўскага, патрыарх назначыў Кіпрыяна быць мітрапалітам Кіяўскім і ўсей Русі. Баючыся, што Кіпрыян, як ураджэнец Літвы, будзе больш спрыяць апошняй, Маскоўскі вял. кн. Дзьмітры Іванавіч не прызнаў яго. Паміма гэтага, Кіпрыян паехаў у Маскву, дзе, са згоды в. кн. называў сябе тады мітрапалітам архімандрыт Міцяй. Выгнаны з Масковіі, Кіпрыян паехаў у Канстантынопаль, шукаючы патрыаршага суда. Праціўнікі зрабілі тое-ж самае: пабывалі ў патрыарха, падкупілі ўплывовых асоб і дабіліся, што замест памершага Міцяя патрыарх назначыў мітрапалітам ўсей Русі Пімена. Але Маскоўскі князь пасадзіў за штосьці Пімена ў манастыр і запрасіў урэшце Кіпрыяна, які ўрочыста 23–V–1381 г. уехаў у Маскву. Пасьля гэтага Кіпрыян быў другі раз выгнаны князям з Масквы і толькі ў 1389 годзе аканчальна асеў у Маскве, дзе прабыў да сьмерці (1406 г.).

Кіпрыян належаў да надзвычайна ўмелых палітыкаў; маючы сваю мітраполію, як мітрапаліт Кіяўскі і ўсей Русі, часьцю ў Масковіі, часьцю ў Літве ўмеў ладзіць і з Літоўскім і з Маскоўскім князям, а галоўнае, — дзякуючы яму, трывала ўзглядная згода між гэтымі князямі. Вітаўт і Ягайла адносіліся з вялікай пашанай да Кіпрыяна і ў важнейшых выпадках засягалі яго рады. Вял. кн. Маскоўскі, Васілі Дзьмітравіч, выказываў такжа вялікую пашану мітр. Кіпрыяну.

Кіпрыян славіўся, як знавец літэратуры і пісьменнік, „всякого цѣломудрія і разума божественного преисполненъ и вельми книженъ“. Ен быў знаўцом царкоўных канонаў, а так-жа стройнасьці царкоўнай службы. Акром арыгінальных казаньняў, навук і розных грамат, перакладаў шмат з грэцкага. Пісаў пераважна царкоўна-славянскай мовай. Памёр у Маскве, пахаваны ў Успенскім Саборы. У 1472 годзе быў канонізаваны і ўлучаны ў почат сьвятых.