Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/155

Гэта старонка не была вычытаная

і бедныя. Як у пісьменнасьці і жыцьці, так і ў іконапісным мастацтве пераважаюць тэмы аскетычныя.

Школай для нашага аскетызму служыў Усход, куды, для агляданьня манастыроў і сьвятыняў, многія адбывалі падарожы. Ужо ў XII стагодзьдзі падарожніцтва на Ўсход прыбрала гэткія аграмадныя памеры, што ўстрывожыла вярхі грамадзянства, і саборам было пастаноўлена, пад страхам кары адлучэньня, забараніць верным гэтыя паломніцтвы. Асяродкамі, якія прыцягалі нашых падарожнікаў, былі: Канстантынопаль з яго безканечным множствам манастыроў і рэліквій, Афон-гара з яе пустэльнямі і Іерузалім. Падарожа ў гэныя краіны была трудная і небасьпечная, бо на падарожнікаў нярэдка нападалі разбойнікі і магамэтане, ад якіх прыходзілася цярпець уціскі. Але вера перамагала ўсё і адлегласьць і труднасьці.

Уся увага нашых падарожнікаў была зьвернута на рэлігійныя помнікі, і паломнікі вельмі падробна ў сваіх запісах перадаюць ўражаньні аб мяйсцох, асьвячоных рэлігійнымі падзеямі, запісуюць легенды аб іх і стараюцца, каб ніводнага з гэтых мейсц не прамінуць. Ігумен Даніла па дарозе з Канстантынопаля ў Іерузалім толькі мімаходам гаворыць аб астравох, дзе дабываюць віно, фрукты, серку (Хіос, Пілёс); Эфэс яму цікавы таму толькі, што там знаходзіцца гроб Іана Богаслова; Кіпр важны, — бо там незлічонае множства сьвятых, а на гарэ, дзе стаіць кіпарысавы крыж, бываюць знакі і дзівы; тут родзіцца ладан-цімьян. Але асабліва падробна апавядае ён аб Іерузаліме і яго аколіцах. Там ён абыйшоў „усю зямлю“ да Тывэрыядзкага мора і да гары Тавар (Ѳавор), да Назарэту, Хэўрону і Іордану.

Пашана да ўсходу, як да рэлігійнага цэнтру, калыбкі хрысьціянства, была вялікая. Нашы падарожнікі нясьлі туды свае малітвы і ахвяры, а князі і магуты закуплялі там модлы за свае душы. Наш Даніла-Паломнік моліцца каля Хрыстовага гробу за Крыўскіх (Полацкіх і Менскіх) князёў, за ўвесь „рускі“ княжы род і за ўсю „рускую“ зямлю. Сьв. Еўфрасіня Полацкая ставіць на Гробе Хрыстовым залатую кадзільніцу і прывозіць з Грэціі рэліквіі і ікону Маці Божай у крыўскую зямлю.

Але людзі палітыкі, або, як іх заве повесьць аб Варлааме і Іоасафе, „мужы крови и лести“ рана пачынаюць разумець, што царкоўная залежнасьць Усходнага славянства ад Канстантынопаля зьвязуе яго свабоду. Паасобныя-ж Усходна-славянскія правінціі імкнуцца вызваліцца ад духоўнай улады — адзінага на ўсю „Русь“ кіяўскага мітрапаліта — шляхам тварэньня новых мітраполій і архібіскупій. Пасьля няўдатнай спробы высьвячэньня Кліма Смаляціча саборам рускіх біскупаў у XII cт., з мэтай вырваць з рук грэкаў гэтае высокае ў царкоўнай герархіі становішча, а можа і з думкай саўсім аддзяліцца ад грэцкай зьверхнасьці ў царкоўных справах, — пачынаюцца спробы тварэньня паасобных мітраполій. І, вось, пад канец XIII стагодзьдзя ў пасунутым далёка на захад Новагорадку паяўляецца другая з чароду на Ўсходнай Славяншчыне мітраполія, якая была па сваёй істоце Крыўская ці паводле навейшай у тыя часы тэрміналёгіі, — Літоўска-Крыўская. З гэтага часу, імя Літвы-Крывіі атрымала пасьвяту і аўрэолю рэлігійнага асяродку, праўда,