Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

не дапераможаньня труднасьці, бо кнігу здарылася апрацовываць на эміграціі, ня толькі ня маючы доступу да арыгінальных помнікаў, але нават пры вялікай нястачы найбольш патрэбнай літаратуры, — прышлося выбраць хронолёгічны парадак, як найлягчэйшы да ор’ентаваньнеся ў забытках нашай старой пісьменнасьці і агранічыцца пісьменнасьцю толькі аднэй галіны крыўскага племя. Поўная гісторыя павінна ўключаць помнікі Пскова, Ноўгарада і Северскай зямлі.

Пасколькі пазвалялі маючыяся пад рукамі матэр’ялы, аўтар стараўся даць хоць кароценькія выпіскі з кніг і дакумантаў ня толькі для ілюстраціі мовы помніка, але і ў надзеі, што гэткім спосабам удасцца зьвярнуць увагу чытаючага грамадзянства на неадзоўную патрэбу ўвясьці ў курс нашых сярэдніх школ, выклад старакрыўскай пісьменнасьці і граматыкі, каб зьвязаць новачасную пісьменнасьць са старымі традыціямі і здабыткамі ў дзедзіне духовасьці.

Для заакцэнтаваньня таго, што старая наша пісьменнасьць і сучасная народная мова адна з другой выплываюць, дадзены ў канцы кнігі слоўнік помнікаў старакрыўскай мовы, бо яшчэ нядаўна можна было сустрэць у друку „вучоныя“ трактаты аб тым, што мова актаў в. кн. Літоўскага і народная беларуская (крыўская) мова, зьяўляюцца двумя рожнымі мовамі. Закід саўсім няслушны, бо наша старая мова, да мовы народнай займае палажэньне гістарычнага дыялекту, падобна як у расійцаў мова часаў Пятра і Кацярыны да сучаснай літэратурнай расійскай мовы, ці як у палякаў мова Рэя, да мовы Словацкага і Высьпянскага, або, адна і другая, ў параўнаньні з іх народнымі дыялектамі. Рожніца атрымаецца ў нас нават меншая, чым, у прыведзеных здарэньнях, у расійцаў і палякаў.

У надзеі, што кніга мая, паміма многіх яе недастаткаў, прынясе карысьць нашай адраджаючайся пісьменнасьці, хоць-бы пабуджаючы другіх да працавітых досьледаў на полі нашай мінуўшчыны, а асабліва пісьменнасьці, працу гэту добрароднай зычлівасьці чытачоў паручаю.

Аўтор.