Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/164

Гэта старонка не была вычытаная

Казаньні Грыгора даволі абшырны. Мова яго немаль заўсёды — царкоўна-славянская, акром некатарых сказаў і слоў крыўскіх ды некалькіх слоў грэцкіх. Прынамні, такімі знаходзім яго казаньні ў рукапісах, перапісаных у Масковіі. Некатарыя з яго казаньняў, (а можа і ўсе) былі пісаны чыстай літаратурнай стара-крыўскай мовай. Мы ведаем, з другіх прыкладаў, што ў Масковіі і В. Ноўгарадзе, перапісуючы стара-крыўскія творы, перамянялі мову; магчыма, што і тут сталася такая-ж замена мовы ў гэных сьпісках. З рукапісу ХVІ стагодзьдзя, падаемо адрывак казаньня Грыгора Цамблака „На Прэображэніе Господово“.

„Небу подобно устроися днеси Ѳаворская гора, славы деля Спаса Господа нашого, который ныне зъявилъ есть на ней. Бозкости своее красу зъявилъ ест на ней, што и Пѣснопевец далекии, пѣснь пѣючи мовилъ: гора Божья, гора усыренная, гора тучная, гора, юже благоволи Богъ жити въ ней. Бовем на тую вшелъ Владыка крестную выявити тайну. На тоей бовем воскресенія светлость показалъ. На тоей хвалу святыхъ ознаймовалъ. На тоей ведомо вчинилъ яко живыми и мертвыми владаетъ. На тоей заздрость Жидовскую выкрылъ и яко небо имъ противно естъ научилъ“.

Грыгоры Цамблак паходзіў з сэрбскай сямьі, якая была асеўшы ў вял. кн. Літоўскім. Пайшоўшы ў духоўны стан, для навук і шырэйшай веды, выехаў у Сэрбію і там быў ігуменам манастыра сьв. Панкрата. Каля 1410 году ізноў вярнуўся ў Літву і тут ў 1416 годзе саборам мяйсцовых біскупаў, (полацкага, чарнігаўскага, луцкага, валадзімерскага, холмскага, тураўскага і смаленскага) быў выбраны аўтокефальным мітрапалітам Новагорадзка-Літоўскім. Новавыбранага аўтокефальнага мітрапаліта благаславіў баўгарскі патрыарх, але Канстантынопальскі патрыарх, ад якога аддзялялася Новагорадзкая мітраполія, Цамблака не прызнаў. Мітраполітальнай сталіцай, акром Новагорадка, была назначана в. кн. Вітаўтам Вільня. У Вільні для мітрапалічай катэдры была прызначана Прачысьценская царква, пабудаваная яшчэ Альгердам.

Новавыбраны мітрапаліт намаўляў Вітаўта кінуць прынятае ім, разам з Ягайлам, каталіцтва і перайсьці ў праваслаўе. Захавалася ў пісьменнасьці цікавая размова Цамблака з Вітаўтам. Цамблак бытцам зьвярнуўся раз да Вітаўта з гэткім пытаньнем:

„Чаму ты, княжа, трымаешся веры лацінскай, а не праваслаўнай грэцкай“?

Вітаўт на гэта адказаў яму:

— „Калі ты хочаш ня толькі мяне, але і ўсіх людзей мае зямлі бачыць у грэцкай веры, то йдзі ў Рым на пяропры з папежам і яго мудрацамі. Калі пераможаш, то ўсе мы прымем грэцкі закон, а ў адваротным здарэньні я ўсіх падданых абярну ў лацінскую веру“.

Словам, ад напору немцаў Літва мусіла ратавацца прыняцьцем каталіцкага абрадку. Гэткі погляд быў запраўды ў многіх тагочасных дзеячоў, якія адзіны ратунак для дзяржавы бачылі ў прыняцьці каталіцтва, якое павінна было забасьпечыць ад нападаў немцаў. Што гэты погляд быў памылковы — паказалі пазьнейшыя падзеі.