Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Калі крыўскія выселкі на поўначы і захадзе абмацаваліся і размножыліся, — яны выдзеліліся ў асобныя, провінціянальныя цэнтры[1].

К ІХ стагодзьдзю па Нар. Хр. Крывічы займалі: ўсё парэчча Прыпяці з галоўнымі гарадамі Туравам і Дрогічынам, верхняе і сярэдняе парэчча Дзьвіны з гарадамі Усьвятам і Полацкам, вярхоўкі Волгі і абшар ад верху да сярэдняй часьці Дняпра з гор. Смаленскам і Любечам, парэччы — Волхава і Вялікай з гарадамі Ноўгарадам і Псковам.

Займаючы такі грамадны абшар, Крывічы сяліліся і на балотах (дрыгве), і ў лясох (дрэвах), і на горках, дзе яны былі, згэтуль па мейсцу разсяленьня свайго Крывічы, якія займалі дрыгвістае Палесьсе, называны былі Дрыгвічамі, каторыя жылі ў лясох, па Бярэзіне і Дняпру, называліся Дрэўлянамі, а Смаленцы, Палачане і Ноўгародцы атрымалі назовы ад галоўных гарадоў сваіх. Акром гэтага, адна галіна крыўскага племя была сарганізавана ў дзяржаву славянскімі прыходцамі з захаду, з Балтыцкага паморья, якія знаходзіліся пад кіравецтвам двох старшын сваіх — Радзіма і Вяткі.

Зтуль, пазьней гэта галіна слыла пад назовам Радзімічоў і Вяцьчоў. Што гэта было адзінае племя, раскінутае на вялікіх адлегласьцях, найлепш сьведчыць аднолькавасць мовы, якая і сягоньня чуваць на гэтых абшарах, акром Ноўгарада, Пскова і Любеча, якія, падпаўшы пад чужыя ўплывы, ў значнай меры зацерлі ў сабе крыўскія азнакі.

  1. „У даўнасьці Беларусы, засяляючыя цяпер большую часьць Паўночна-Заходняга краю Расіі, называліся Крывічамі.
    „Славяна-рускае племя Крывічоў было вельмі многачысьленным і раскінута на аграмадным абшары. Палуднёвае узьбярэжжа зямлі крывічоў ішло па водаразьдзелах паміж Прыпяцьцю, Нёманам і Бярэзінай на правай старане Дняпра, і валокамі паміж Дняпром і Сожам, і верхнімі цячэньнямі паўночных прытокаў Дзясны — на левай старане Дняпра. На ўсход зямля Крывічоў пашыралася да Радзімічоў, якія жылі па рацэ Сожу, і Севяран, якія жылі па Дзясьне і Семі (Сейму) і Суле; на паўночна-ўсход трацілася ў лясістым і многаводным верхнім Паволжы; на поўнач даходзіла да разсяленьняў Ноўгародзкіх Славянаў. На паўночна-захад Крыўскія пасяленьні ішлі па цячэньню Зах. Дзьвіны да прыткага закрута яе на поўнач ад Дзінабурга (па стараму — Неўгіна), а адтуль на поўдзень ўздоўж літоўскіх пасяленьняў, перамешваючыся з імі ў аколіцах Вяльі і Нёмана да самага водаразьдзелу гэтай апошняй ракі з поласьцю Прыпяці. Разкіданае на абшырным прасторы, племя Крывічоў рана распалася на асобныя землі, галоўнымі цэнтрамі якіх былі Ізборск, Полацак і Смаленск”. (П. Н. Батюшковъ. „БѢлоруссія и Литва. Историческія судьбы Сѣверо-Западнаго края“. С высочайшаго соизволенія издано при Министерствѣ Внутреннихь Дѣлъ. С.П.Б. 1890 г.).
    „Паводле сьведчаньня летапісца (Лет. па Лавр.сп.) Крывічы палілі сваіх нябожчыкаў, а прысок ссыпалі ў урны. Гэткім характарам адрожніваюцца і курганы ў сялібах Крывічоў: у іх знаходзяцца сьляды вогнішчаў і урны з перапаленымі касьцямі. Апрыч таго, курганы часта абводзяцца канаўкамі і абкладаюцца каменьнямі; камяні часам бываюць і ў сярэдзіне курганаў. (Падробнасьці у Голубовскаго „Обозрѣніе нѣкоторыхъ губерній и областей Россіи въ археолог. отношеніи", 20—32 (вып. ІІ,) 1—10 (вып. ІІІ.). Пры гэтым больш даўныя курганы, агульныя Палачанам, Смаленцам, і Пскоўцам, маюць яшчэ адну агульную азнаку: яны маюць выгляд валаў да дзесяці сажняў ў доўжкі (Спицынъ „Обозр. нѣк. губ. и обл. Россіи в археол. отн.). Мяркуючы з гэтай азнакі мы можам дагадывацца, дзе спярша аселі Крывічы. Гэткія курганы ведамы каля Пскова і Апочкі, каля Себяжа, Сенны і ў Барысаўскім павеце, ў Смаленскім, Гарэцкім і Духаўшчынскім, а такжа ў Бельскім, ўрэшце Асташаўскім пав. (в. Ізведава).
    „Іншыя крывіцкія курганы маюць звычайную паўклубавую форму. Яны сустрачаюцца ў паветах Лепэльскім, Сенінскім, Себежскім, каля Браслава ў Новаалександраўскім павеце і часьцю ў суседніх мясцох Смаленскай губ. (у Смал. Духаўшч. Парэц. і Бельск. пав.), гэтай-жа адмены курганы трапляюцца у Бранскім пав. Арлоўск. губ., на верхняй Дзясьне. Крыўскіе курганы XI ст., больш познага тыпу, захоплююць яшчэ большы абшар: яны даходзяць да Ржэва і Зубцова на Волзе, да вярхоў Масквы-ракі, Угры і Жыздры, праз Бранскі павет ідуць да верху Дзясны і Сожу; далей граніца іх ідзе на Оршу, Барысаў, Лагойск; на заходзе і поўначы курганы гэтага тыпу сустрачаюцца у Рэжыцкім, Себежскім і Невельскім павеце (Зраўняй: Даниловичъ. „Очеркъ. Исторіи Полоцкой земли до конца XIV в. Кіевь 1896 г.). Калі ўсё сказанае перанесем на карту, то акажацца, што ўся паўночная і паўночна-ўсходняя Беларусь была заселена Крывічамі, і цікаўна, што старасьвецкія межы гэтага племя, ў агульным, акром часьцю поўначы, зыходзяць з цяперашняй этнографічнай мяжой Беларусаў.
    „Не пярэчаць азначаным межам і данныя номэнклятурныя. Мяркуючы па іх, асабліва сьцежучы сялібы „Крывічы", мы бачым, што калёніі Крывічоў далёка пашыраліся на поўдзень: гэтак ведамы сялібы „Крывічы" у Лідзкім павеце, Новагрудзкім, Слонімскім і Рэчыцкім". (Пасяленьні Крывічоў у Лідзкім павеце пацьвярждаюць і данныя архэолёгіі гл. Wandalin Szukiewicz. „Poszukiwania archeologiczne w pow. Lidzkim gub. Wil. Krakow 1914.“).
    Далей праф. Карскі кажа, што калі Ноўгородскія славяне былі Крывічы, як гэта цьвердзіць акадэмік Шахматов (факты сабраны ў яго працы „Къ вопросу объ образованіи Русск. Народа), то яны раней другіх усходнеславянскіх плямён, па Дняпру і Бярэзіне рушылі на поўнач да возера Ільменя.
    „За імі пайшлі Крывічы Полацкія і Смаленскія. Можна мяркаваць, што яны жылі пры сутоках р. Прыпяці ў Дняпро. Гэтым можна вытлумачыць і той мяшаны тып курганаў, які адзначыў Завітневіч (Вторая археолог. экскурсія въ Припетск. Полѣсье), і сустрачанае тут мяйсцовае найменьне ў Рэчыцкім павеце „Крывічы"… „Далейшы колёнізаційны рух Крывічоў быў гэткі: з Дняпра яны ішлі на парэччы Бярэзіны, а далей на Дзьвіну — да Палаты — Палачане; адгэтуль да вярхоўяў Дзьвіны, на верхні Днепр — Смаленск — і ў парэчча Волгі (Голубоўскі, 46—49). Па Бярэзіне, Веліі і Дзьвіне Крывічам прышлося саткнуцца з Літвінамі і Латышамі, якія, іх названьне — Кrееves, пашырылі на ўсіх расійцаў"… (Карскі „Бѣлоруссы“ Вільня 1904).