Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/186

Гэта старонка не была вычытаная

завязуюцца стасункі Польшчы з землямі Крыўскімі і Літоўскімі, ведаем, што Галічына яшчэ з часаў Казіміра Вялікага ўходзіць у граніцы Польшчы, але, не глядзя на гэта, астаецца загадкай, чаму ў каталіцкай сталіцы, каталіком Фіолям былі друкаваны першыя славянскія друкі. Нельга дапусьціць, каб друкі гэтыя былі прызначаны для праваслаўных. Пры тагочасных рэлігійных паняцьцях — гэта немагчыма. Зрэшта з дакумантаў не відаць, каб у друкаваньні кніг Фіоля прыймаў хто учасьце з тагочасных праваслаўных ўладык.

Але мы ведаем, што Кракаў з 1006 году меў у сваіх мурох каталіцкі мнішскі ордэн, бэнэдыктынаў, якія адпраўлялі каталіцкую службу ў славянскай мове. Пасьля жанідзьбы Ягайлы, каралева Ядвіга, з мэтай шырэньня каталіцтва ў Літве, ўзмоцніла бэнэдыктынаў і чысьленна і матэр’яльна і перапраўляла іх у Літву. Цэнтрам для бэнэдыктынаў быў сьпярша Новагорадак, а аддзелы іх ордэну знаходзіліся па ўсей дзяржаве, асабліва ў „рускіх“ землях. Гэтым тлумачыцца тая шпаркасьць, з якой пераходзілі князі і магнаты ў каталіцтва: яны ў новай веры знаходзілі прывычную славянскую мову і блізкі абрадак. Гэта дае нязьбіты аргумант, што каталіцтва часоў Ягайлы прыходзіла да нас ня толькі ў лацінскай, але і ў славянскай форме. Такі пачатак быў ужо падставай да аб’яднаньня двох абрадкаў, якое было аформлена ў хуткім часе, бо ў 1439 годзе наступіла Флёрэнтыйская унія, да каторай далучыліся ня толькі грэкі, але і Кіяўскі мітрапаліт Ісідар, які шырыў, ці пробаваў шырыць унію ў Маскоўшчыне. Упадак Канстантынопаля (1455), уцёкі апошняга грэцкага патрыарха Грыгора Мамы ў Рым і прыняцьце ім уніі, давяршылі пералому ў настроях тагочаснага нашага грамадзянства. Грэцкае благачэсьце чулася разьбітым маральна. Што раз большае шырэньнеся уніі становіць на чарод пытаньне аб уніяцкім біскупе ў Літве. Па прозьбе караля Казіміра-Андрэя, і з пазваленьня папежа, патрыарх Грыгоры Мама ў 1458 годзе пасьвяціў для Літвы першага уніяцкага мітрапаліта Грыгора Баўгарына. Побач з гэтым вялася прапаганда лацінскага каталіцтва, якое шырылася, аднак, даволі туга. І вось, у 1465 годзе кароль Казімір просіць папежа, каб той прыслаў яшчэ ў Літву з палуднёвай славяншчыны бэнэдыктынаў. У 1469 годзе гэтыя мніхі прыбылі ў Літву і аселі ў Старых Троках. Вясной у 1473 годзе сабор, зложаны з біскупаў усходняга абрадку, князёў, паноў і выдатных мужоў, выслаў ліст да папежа з прапазыціяй уніі. А тры гады пазьней, ў 1476 годзе, у гэтай справе выехала з Вільні ў Рым цэлае пасольства, зложанае з выдатных асоб краю, якое было ўрочыста прынята папежам Сыкстам ІV. У выніку гэтых захадаў, для аблягчэньня шырэньня уніі, група магнатаў, у ліку якіх быў Марцін Гаштальд (сын Яна Гаштальда, кіяўскі намесьнік), Солтан, (Скумін Тышкевіч, Кісель, — гэты апошнія паводле Р. Земкевіча: „Значэньне Ф. Скарыны ў беларускай культуры“. Гл.: „Вольная Беларусь“, № 13, 1917 г.), пры маральным, а магчыма і матэр’яльным падтрыманьні караля Казіміра-Андрэя, злажылі капітал на друкаваньне богаслужэбных славянскіх кніг для уніятаў, Устройства друкарні было даручана кракаўскаму мешчаніну пара Швайпальту Фіолю. Але ў каторым годзе гэта адбылося — трудна сказаць. Захавалася умова Фіоля з майстрам Рудольфам Борсдорфам