Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/187

Гэта старонка не была вычытаная

каля 6 лютага 1491 году, ў якой гаворыцца, што Борсдорф прыгатаваў нейкі шрыфт для Фіоля, з якога Фіоль быў здаволены, і, дзеля гэтага, заказывае ў яго ізноў новы шрыфт (rewsische Schrift oder Buchstabe) паводле сваіх рысункаў.

Пры гэтым Борсдорф „пастанавіў і дабравольна абяцаў, што ніякага рускага шрыфту ці літар нікому вырэзаць і прыгатаўляць ня будзе і не захоча“. Акром таго, „ніводнаму чалавеку ніякага паказу ані навучаньня гэтай справы ня дасьць“ пад карай утраты маетнасьці.

Есьць данныя, каторыя гавораць, што друкарская праца Фіоля была распачата раней 1483 году (гл. вышэй: „Тріодь цвѣтная“), што выглядае вельмі праўдападобным, бо пры тагочаснай тэхніцы Фіоль ня мог у неспаўна год надрукаваць звыш 1200 аркушаў друку, нават пры вялікім мятэр’яльным засабе і з прыгатаванымі ўжо да друку рукапісамі. Пры гэтым узьнікае цікавае пытаньне: дзе і кім былі прыгатаваны рукапісы да друку, бо трудна дапусьціць каб немец Фіоль, сам на сваю руку іх прыгатовываў. Што рукапісы гэты былі прыгатаваны у крыўскіх землях, даводзяць канцавыя тэксты кніг, надрукаваных тэй самай мовай, якой пісаліся ўсе акты і граматы ў в. кн. Літоўскім. Прыкладам, у канцы „Осмогласника“ чытаем:

„Докончана бысть сия книга оу великомь градѣ оу Краковѣ, при державѣ великого короля польского Казимира, и докончана бысть мѣщанином краковскымь Швайполтомь Фѣоль, изъ нѣмець немецкого роду франк".

У „Часослове“ ў канцы чытаем:

„То ест личба до тое книгы, як имают тетрад(и) быти от початку аз до конца, одна тетрад подля единоѣ и тыж один лист подля другого аз до конца“.

Хто такі быў Фіоль, — відаць з павыжшай дапіскі да „Осмогласника“: быў ён немец з Франконіі, цяперашняй Баварыі. Род Фіоляў жыў у Кракаве, пачынаючы з ХІV ст. Галоўным рэмяслом Швайпальта Фіоля было гафтарства па шоўку, але ён належаў да тых людзей, якія кідаюцца на ўсякія выдумкі. Гэта відаць з таго, што ў 1489 годзе ён будуе нейкія машыны, „нідзе да таго не бачаныя“, да асушаньня капальняў. На гэты машыны дастае Фіоль у тым-жа годзе ад караля Казіміра-Андрэя прывілей да стаўляньня іх у капальнях для асушкі апошніх, за што кароль забасьпячае Фіолю на вечныя часы палавіну даходу з тых капалянь. Фіоль быў ня ідэйны друкар, а проста аваротлівы прадпрыемца, які браўся за ўсялякую справу, якая магла даць яму даход, пры гэтым, відаць, чалавек ён быў асьвечаны і азнаёмлены з мэханікай і рысаўніцтвам.

Друкаваньне славянскіх кніг прычыніла Фіолю шмат клопатаў і непрыемнасьцяў. Яго западозрылі ў гусытызме. Хоць Канстанцкі сабор (1414–1418 г.) спаліў Гуса, але ня выпленіў гусытызму, які, акром вымаганьня аб залежнасьці папежа ад сабору, ставіў другое яшчэ вымаганьне — народную мову ў богаслужэньнях. Імкненьні нашых магнатаў абслужыць рэлігійныя патрэбы