Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/188

Гэта старонка не была вычытаная

славянскімі кнігамі, відаць, не агранічаліся аднымі уніятамі, а пашыраліся і на некатарыя каталіцкія сфэры. І, вось, гэта апошняе было вытлумачана сьв. інквізыціяй, як тайны гусытызм, і інквізыція, дашукаўшыся нейкіх прычын у друках Фіоля, арэштавала яго. Кракаўскі біскуп пазваў Фіоля на суд, але справа зацягнулася, і прыяцелі павінны былі ўзяць Фіоля на парукі. 21 лістапада 1491 году Фіоля выпусьцілі з вязьніцы да суда, ўзяўшы з яго падпіску, што ён ня выедзе з Кракава. Па нейкім часе Фіоля другі раз арэштавалі, здаецца, за тое, што ён стараўся дакончыць свае друкі, але ізноў 22 сакавіка 1492 году выпусьцілі на парукі.

Урэшцэ, 8 чэрвеня 1492 году стаў Фіоль перад судом інквізыціі. Ён павінен быў прысягай ачысьціць сябе ад закідаў у гэрэзіі і засьведчыць сваю прыналежнасьць да каталіцтва „бо акром касьцёлу ні ў якай сэкце няма збаўленьня“. Пасьля гэтага яго выпусьцілі на волю, вярнуўшы яму „чэсьць і добрае імя“.

Калі ўзяць пад увагу тагочасны гусыцкі рух, які адкідаў ў богаслужэньні лацінскую мову і адстаіваў народную, то будзе зразумелым абураньне, якое выклікалі друкі Фіоля сярод каталіцкіх ортодоксаў. Ані уніяцтва, ані каталіцкі рух з славянскім богаслужэньнем не выяўлялі сабой чысьленнай сілы, і дзеля гэтага друкі Фіоля, як каталікі, так і праваслаўныя, нішчылі. Вось чаму яны сягоньня становяць надзвычайную рэдкасьць і захаваліся ўсяго толькі ў некалькіх экзэмплярах, дый і тыя без агалоўных балон.

Магчыма такжа, што кнігі былі зьнішчаны ў скорым часе пасьля іх выхаду ў сьвет, бо калі ў 1498 годзе, выданьнямі Фіоля зацікавіўся вядомы гуманіст і паэт Цэльтэс, які прасіў кракаўскага прафэсара Зомэрфэльда пераслаць яму славянскія друкі, то Зомэрфэльд, два разы даведаўшыся да Фіоля, праканаўся, што ён ужо ніякіх славянскіх кніг у сябе ня меў (nullum apud se ruthenae literae librum habere affirmat).

Памёр Фіоль у 1525 годзе.

ПРЫВІЛЕЙНАЯ ГРАМАТА СЛУЦКАЙ КНЯГІНІ АННЫ СЛУЦКАМУ ТРОЕЦКАМУ МАНАСТЫРУ, 10 КРАСАВІКА 1492 Г. — „Акты Зап. Россіи“, І, № 98. Карскій, „Бѣлоруссы“, т. І.

ГРАМАТА КАРАЛЯ АЛЕКСАНДРА, ДАНАЯ АЛЕХНУ ГЛОЗЫНІ 1492 Г. — „Археогр. С6.“, ІІІ. Карскій, „Бѣлоруссы“, т. І.

ПАСТАНОВА ЖМУДЗКАГА СТАРАСТЫ Ў СПРАВЕ КУНІЧНІКА ТРУМНЫ 1422 Г. (копія). — „Археогр. Сб.“, ІІІ. Карскій, „Бѣлоруссы“, т. І.

ГРАМАТА В. КН. АЛЕКСАНДРА ФЕДКУ ГРЫГОР’ЕВІЧУ. „Чтенія въ Имп. Общ. исторіи и древн. Россійскихъ при Московскомъ Университетѣ“. Кн. ІV (191), Масква, 1899 г., бал. 56.