Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/194

Гэта старонка не была вычытаная

На 436 лісьце чытаем:

„…напісана быс сїя книга глаголемый лѣтописець въ граде Смоленсцѣ. при дръжавѣ великого князя александра изволенїемъ божїим, и повеленїем господина владыки епископа смоленъского. їосиѳ рукою многогрѣшнаго раба божїа авраамъка“.

Бацькаўшчынай найдаўнейшай рэдакціі Літоўскага летапісу быў праўдападобна Смаленск. На гэта паказуюць ня толькі смаленскія запіскі, але і мяйсцовы смаленскі колёрыт летапіснага апавяданьня і смаленская крыніца „Пахвалы князю Вітаўту“. Ў зборніку казаньняў Ісаака Сірына, цэлыя адрыўкі літэральна падобны да летапіснага тэксту Пахвалы. Першы з вучоных зьвярнуў на гэта увагу М. Грушевський, які паказаў і на рытмічнасьць, або лепш — цыклічнасьць будовы ў смаленскай запісцы з 1428 г., якая сталася крыніцай Пахвалы в. кн. Вітаўту:

Тогда бяхоу крѣпко слоужахоу емоу велиціи князи…
честь и дары подавахоу емоу
и тако же слоужахоу емоу и въсточные великии цари татарьскии,
тако же и Немецькии великии князи слоужахоу емоу
со всѣми грады своими и съ землями,
еще же и инии велиции князи слоужать емоу —
господарь молдавскои земли, тако же и бесарабьской земли.
Тако же и Чеськое корольство слоужаше емоу.

„ПРОЛОГЪ“ 1496 Г. Вілен. Публ. бібл., № 100. У канцы кнігі чытаем:

„…желаніем пана Солтана Солтановича намѣстника бѣлскаго“.

Прологамі называліся зборнікі кароткіх жыцьцёпісаў сьвятых. Паяўленьне на ўсходнай славяншчыне Прологаў адносіцца да Х стагодзьдзя. У аснову іх ляглі „Мартыролёгіоны“ г. зн., кароткія сьпісы мучанікаў с кароткімі ведамкамі аб іх мучэньнях; пасьля да іх былі дададзены жыцьцёпісы сьвятых; затым — дапоўнены апісаньнямі старазаконных і новазаконных сьвятаў, і апісаньні некатарых падзей, якія мелі ўплыў на гісторыю хрысьціянства; урэшце, у Прологах маюцца апавяданьні з „Патэрыкоў“ і зьверх таго ў іх зьмяшчаюцца „Словы“ айцоў царквы, навукі і пахвалы сьвятым і сьвятам. Прологі бываюць дваякія: абшырныя, якія зьмяшчаюць у сабе ўсе вышэйназваныя элемэнты, і кароткія, зьмест якіх агранічаецца сьпіскамі мучанікаў і жыцьцёпісамі сьвятых.

ЛІСТ КАНСТАНТЫНА АСТРОЖСКАГА 1497 Г. — „Археогр. Сборникъ“, І. Карскій, „Бѣлоруссы“, т. І.

ЗАПІС КРЫШТАФА КЛІШОЎСКАГА 1497 Г. — „Археогр. Сборникъ“, І. Карскій, „Бѣлоруссы“, т. І.

ПРЫВІЛЕЙНАЯ ГРАМАТА В. КН. АЛЕКСАНДРА 1499 Г. „Ў ВИЛНИ“. — „Беларускі Архіў“ Грыгаровіча. Monumenta d. in Ostrog. Archiwum S., І, 117. Карскій, „Бѣлоруссы“, т. І.