Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

Готы былі прагнаны з краю. Ці ўсе — нет ведама. Здаецца, што ў парэччы Дзьвіны і Нёмана асталіся князі старага паходжаньня. Выгнаўшы ад сябе чужую ўладу, славяне аднак няздолелі сарганізавацца, бо рожныя розбойніча-купецкія шайкі не давалі ім спакою. Дзеля гэтага Ноўгародзкія і Пскоўскія Крывічы, на якіх найбольш націскалі выхадцы з поўначы, пастанавілі прыняць ізноў адну з такіх вайскова-купецкіх шаек, для абароны ад іхніх пабратымаў. Зьвярнуліся яны з гэтым да нормандзкага, ці як у нас іх называлі, варажскага, або русскага[1] князька. Гэта быў Рурык. Рурык згодзіўся, прыняць на сябе абарону і прыйшоў да Ноўгародцаў з дружынай. Але Варагам, якія прывыклі да разбойнага разгулу, не спадабалася жыцьцё ў народапраўным Ноўгарадзе, дзе ўсімі справамі кіравала веча. І вось, часьць дружыны, пад кіравецтвам аднаго са старшых дружыннікаў Алега (Гельга), аддзялілася ад Рурыка і пайшла на поўдзень, шукаючы сабе больш свабоднага прыпынку. Смаленска асьцярожны Алег не чапіў, бо горад быў добра баронены і людны: „зане бѣ градъ великъ и многолюденъ“… але спусьціўшыся ўніз Дняпром, убачыў слаба боронены гарадок Кіяў; Алег тут спыніўся, пабіў мясцовых князёў і сам апавесьціў сябе князям над славянскім, не надта сільным, як з гэтага відаць, племем Палянаў.

Весьць аб заснаваньні на ўсходзе вольнай нямецкай дзяржавы хутка абляцела землі паўночна-нямецкіх плямён і ўсякая тамэчная вольніца пачала сабірацца каля новага князя. Алег, пасьля першай удачы, задумаў яшчэ большую справу: напасьці на багатую сталіцу Грэціі Візанцію. Набраўшы даволі людзей ён рушыў ў паход. Паход удаўся. Фантастычныя басьні аб гэтым паходзе і карысьцях з яго, ізноў зварухнулі Норманаў і адтуль хлынула новая хваля вольніцы. Паходы на Візанцію не заўсёды бывалі удачны, асабліва пры наступніках Алега, але заваяваньне усходна-славянскіх плямён, давала няўпынную зручнасьць да грабяжа і да выбіраньня з паняволеных даніны. Гэта разьвіло такую энэргію ў Варагаў-Русі, што, да палавіны Х стагодзьдзя, яны запанавалі ад Ноўгарада да Карпатаў і ад Дрогічына да Дону. Усе гэты заваяваньні рабіліся ад імені Русі і кождую заваяваную зямлю, Варагі лічылі сваёй ўласнасьцю, зямлёй Русаў, якая сnавалася такой фактам заваяваньня яе[2].

  1. Копэнгагенскі прафэсар Wilh Thomson у кнізе Der Ursprung des Russisches Staates (1879), кажа: што фінскае слова Ruotsi, якім Фіны называлі Варагаў, есьць пераробленае старанямецкае слова Rothsmenn, знача вясьляр, мораплаўшчык, марскі чалавек. Гэты прыметнік Ротс, Рос, Рус, стаўся найменьнем усіх варажскіх высяленцаў на ўсходнеславянскія землі, пазьней, ў Х—XI ст. —найменьнем кіеўскага князства (не абнімаючы крыўскіх і ноўгародзкіх зямель), далей,—назовай веры усходнага абрадку, а ўрэшце цэлага конглёмэрату ўсх. сл. плямён.
  2. Памершый ў часе ўсясьветный вайны сябра Расійскай Акадэміі Навук, праф. Шахматоў апублікаваў ў 1914 годзе праз Расійскую Акадэмію Навук сваю працу: „Сказаніе о призваніи Варяговъ", у якой на 56 балонцы аб назове „Русь" кажа:
    „Яшчэ ў XVIII ст. Тунманн зьвязаў гэту назову з фінскім найменьнем для Швэціі Ruotsi. Найменьне гэтае можна прызнаць агульным для ўсіх заходна-фінскіхъ дыялектаў: зраўняй Эстонск. — Rotsi, Ліўскае — Ruotsi.
    „Швэдаў Фіны называюць Ruofsalainen, Эстонцы—Rotslane, Водь— Rotslaine, Лівы— Ruotsli.
    „Форма „Русь", як заўважыў і Томсэн, так адносіцца да Ruotsi, як старасьвецкае Сумь (якое сустрачаецца ў летапісных артыкулах XIII ст., у Сынод. і др. сьпісках Ноўгародзк. 1-й)—да фінскага Suomi.
    „Мне здаецца, што элемэнтарныя мэтодолёгічныя мяркаваньні не пазваляюць адлучыць сучаснае фінскае Ruotsi ад імя „Русь".
    „З аднэй стараны ясна, што Варагаў, г. зн., Скандынаўцаў запраўды на ўсходзе называлі „Русь", Ros… Зраўняй зьменку Бэрцінскіх анналаў аб тым, што людзі, якія зьявіліся ў Канстантынопалі ў 839 годзе і якія самі сябе называлі Ros, аказаліся, пасьля патрэбных выведаў, швэдзкага паходжаньня (eos gentis esse Sueonum); пісьменнік Х ст. Ліудпранд двойчы атожсамлюе Русаў (Rusii) з Норманамі (Nordmanni); Канстантын Багранародны процістаўляе Русі (Ros) Славянаў (Крывічоў, Лучанаў і др.), а падаючы назовы Дняпроўскіх парогаў, пад rosioli разумее стара-скандынаўскую мову, што відаць і з самых гэтых назоў; арабскія пісьменнікі, прыкл. Ібн Даст, так-жа процістаўляюць Русь (Ros) Славянам.
    З другой стараны бачым, што краіна Варагаў, г. зн. Швэдія, называецца „Русь" Фінамі (Ruotsi) і дагэтуль.
    „Дзеля гэтага, ня можа быць, як здаецца, ніякага сумневу, што да тожсамнасьці назову „Русь", дадзенага Варагамі Славянам, з назовам Ruotsi, які знача ў Фінаў краіну гэтых самых Варагаў.
    „Нас можа не цікавіць этымолёгія імя „Русь"; этымолёгія гэтага імя, якой-бы яна ня была, ня можа парушыць вываду, што Фіны і Славяне назвалі Скандынаўцаў „Русьсю".
    „Пакажу на праўдападобнасьць запазычаньня акурат ад Фінаў гэтага імя для азначэньня Варагаў. Фіны былі тым пасярэднім цэнтрам, праз які Варагі пранікалі да Славянаў. Ўспомнім, што берагі Балтыцкага-Варажскага мора былі заселены фінскімі плямёнамі; па Няве сядзела Водь, якая займала і палуднёвы бераг фінскай затокі, а на усьцях Дзьвіны і па ўзьбярэжжу Рыжскай затокі сядзелі Замігала, Летгала і Лівы. Ўспомнім, што нават рачны шлях, з Варагаў у Грэкі ішоў на поўначы праз фінскія краіны, толькі часьцю заселеныя Славянамі, якія ўрэзаліся клінам сьпярша, відаць, вельмі вузкім, ў суцэльнае фінскае жыхарства, якое цягнулася ад берагоў Балтыцкага мора да Волгі і далей да ўсходу. Славяне запазычылі у Фінаў імя „Русь" для азначэньня Варагаў так сама, як яны запазычылі ў іх-жа назовы рэк і вазёраў, засяляючы сабой пракавечныя фінскія землі. Гэтае імя „Русь" для азначаньня Варагаў перададзена Словенамі і Крывічамі такжа і палуднёвым Славянскім плямёнам, перададзена так, як передаюцца наагул запазычаныя словы".