Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/208

Гэта старонка не была вычытаная

На лістох 103–112 рад ведамак аб Маскоўшчыне, без паказаньня годаў.

На лістох 112–135 памешчаны „Лѣтопісец вѣры закония жития поганьства и побоженства князей великихъ Рускихъ“, які зьмяшчае скарочанае апавяданьне аб падзеях ад пачатку Русі да Маскоўскага ўзяцьця ад Тахтамыша.

На лістох 115–176 адрыўкі літоўска-крыўскіх летапісаў датыкаючыя падзей 1445 году (паходу в. кн. Казіміра на Маскву), прыезду каралевы Боны ў Літву (1528); далей аддача замуж Ядвігі і сьмерць Жыгімонта, аб Берасьцейскім саборы 1545 г. і канчаецца рэестрам гармат, здабытых пры ўзяцьці Смаленска каралём Уладыславам.

На лістох 176–178, пісаных іншым характарам, памешчана „Зерцало царствъ, градовъ и странъ, которые знаменіямъ двунадесятымъ небеснымъ въ зодіакѣ будущимъ подданы суть“.

10. Сьпісак Рачынскага. Памяшчаецца ў зборніку графа Рачынскага ў Пазнані, пад № 94. Зборнік пісаны ў канцы ХVІ ст., каля 1580 г., летапіс займае лісты 225–291. Гэты сьпісак зьмяшчае шмат ведамак, якіх у другіх сьпісках няма; канчаецца апавяданьнем аб жанідзьбе Жыгімонта-Аўгуста і сьмерці Жыгімонта старога.

11. Еврэінаўскі сьпісак. Маецца ў зборніку, які прыналежыць Маскоўскаму Галоўнаму Архіву Міністэрства Загранічных Спраў, № 76 (101), куды паступіў ён ад П. Еврэінава ў 1814 годзе. На лістох 441–534 памешчана ў гэтым зборніку, пісаным ў канцы ХVІІ ст.: „Книга великого княжества Литовского и Жеицкого“. Да 1454 году сьпісак гэты сходны са сьпіскамі Румянцаўскім і Рачынскага, а другая часьць найбольш сходна са сьпіскам Рачынскага, але іншай, паўнейшай рэдакціі.

12. Альшэўскі сьпісак. Маецца ў польскім зборніку, які належыць бібліатэцы Хамінскага ў дварэ Альшэва, Сьвянцянскага павету. Зборнік гэты пісаны ў 1550 годзе. Сьпісак нашага летапісу займае ў зборніку 263–334 балоны. Тэкст першай часьці (да 1446 году) ў агульных рысах зыходзіцца з тэкстам першай часьці Румянцаўскага сьпіску, а такжа са сьпіскамі Рачынскага і Еврэінаўскага. Тэкст другой часьці Альшэўскага сьпіску зыходзіцца з чацьвертай часьцю Румянцаўскага сьпіску і з чацьвертым адрыўкам Патрыаршага сьпіску, але абрываецца на недакончанай аповесьці 1535 году, дзеля утраты апошніх лістоў. Сьпісак гэты надрукаваны асобнай кніжкай Пташыцкім, пад агалоўкам: „Kodeks Olszewski Chomińskich. Wielkiego Księstwa Litewskiego i Żmódzkiego kronika“. (Вільня, 1907 г.)

13. Сьпісак Быхаўца. Гэты сьпісак цяпер затрачаны. Ведамы па выданьню Нарбута „Pomniki do dziejow litewskich“ (Вільня, 1846). Нарбут апісуе яго ў прадмове, кажучы, што ён адносіцца да другой палавіны ХVІ або пачатку ХVІІ ст. Сьпісак Быхаўца пісаны крыўскай мовай польскімі літарамі; ў часьці да 6961 году дае тэкст ведамых нам літоўска-крыўскіх летапісаў з многімі і абшырнымі ўстаўкамі з другіх крыніц, між іншым з летапісу сходнага з Іпаціеўскім. Гэты сьпісак у многіх мяйсцох зыходзіцца паводле выкладу са старэйшымі сьпіскамі — Супрасльскім, Увараўскім, Акадэ-