Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

Улада Русаў у Ноўгарадзе была агранічанай, бо яны прыйшлі туды па угодзе, але ў землях заваяваных Норманы-Русы устанаўлялі ўладу абсолютыстычную: дзе зьявіліся рускія князі, там моўклі славянскія вечы. Зрэшта Русы даражылі Ноўгарадам, як першым этапам, брамай, у славянскія землі, і, дзеля гэтага, стараліся ладзіць з Ноўгародцамі. Калі быў заваяваны Кіяў, паміж Кіявам, — палуднёва-варажскай дзяржавай — і Ноўгарадам, — паўночна-варажскай дзяржавай, — лягла зямля Смаленская, якая іх раздзяляла. Дзеля гэтага другой Крыўскай зямлёй, каторая была заваявана Русамі, сталася зямля Смаленская. Урэшце, ў канцы Х ст. (970—980), былі падбіты землі Тураўская і Полацкая, пры чым у Полацку Русы вырэзалі ўсю княжую сямь’ю: князя Рагвалода і яго двох сынаў, а дачку Рогвалодаву—Рагнеду, кн. Валадзімер узяў сабе за жонку.

Гэткім чынам, у Х ст. на крыўскіх, і, наагул, усходна-славянскіх землях, зьявіўся новы гістарычны чыннік—нормандзкае племя Русь.

Характарыстыка племя Русь. У старажытнасьці Скандынавія была падзелена на множества дробных зямель, з якіх кождая мела свайго князя (конунга). Па сьмерці конунга ўлада перахадзіла да старшага брата, а малодшыя даставалі кавалак зямлі на ленных правох. Гэтыя малодшыя князі, будучы ў большасьці нездаволенымі, набіралі дружыну з рожнага галцяйства і