Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/214

Гэта старонка не была вычытаная

у летапісах Вітаўт, які выразіцель незалежніцкіх імкненьняў; згэтуль і той патрыотызм, які прасякае нашы летапісы.

Пасьля перасяленьня Палемона апавядаецца аб першых князёх літоўскіх да Нарымонта, аб Нарымонтавых сваякох і сыне яго Рыманце-Васілю „прозьвіщо(м) Лавры(ш)“, які заснаваў манастыр каля Навагорадка, аб змаганьні яго з Доўмунтам, аб князі Вітэне і аб Гедыміне. Урэшце падаецца легенда аб заснаваньні Вільні. Будучы на ловах над ракой „Вилнею“, Гедымін забіў на Туравай гарэ тура і заначаваў тут. У ночы бачыў сон:

„… што(ж) на горе, которую зывали Крывая а тепер Лысая стои(т) волкъ желѣзны(й) велики(й) а в не(м) ревуть як бы сто вилько(в)“).

Прахапіўшыся Гедымін расказаў сон свой Ліздэйцы, свайму варажбіту, апошні зрабіў вывад, што на гэтым мейсцы стане вялікі горад, слава якога будзе далёка чуваць. Гедымін залажыў тут горад і перанёс сюды сваю сталіцу.

Апошнія запісі ў летапісах гэтай редакціі канчаюцца 1548 годам, што дало повад многім гісторыкам час паўстаньня гэтай рэдакціі адносіць на пачатак, або на першую палавіну ХVІ ст.

Аднак, высказаная дагадка можа быць прынята умоўна, ў тым значэньні, што паасобныя адрыўкі гэтай рэдакціі істнавалі ўжо ў значна старэйшых сьпісках, сягаючых глыбока ў ХІV ст.

Што датыча літэратурнай стараны літоўскіх летапісцаў, то, яны маюць свой самаісты стыль, саўсім рожны ад Украінскіх і Вялікарускіх летапісаў. Нашы летапісцы складаюцца з асобных, саўсім закончаных і добра апрацаваных повесьцяў, часам саўсім без усякіх дат. Мова летапісаў прыгожая, сочная, а аддзельнымі словамі і сказамі прыбліжаецца да жывой гутаркі.

Літоўскія летапісцы шырыліся ня толькі ў в. кн. Літоўскім, г. зн. у Літве і Крывіі (Беларусі), але імі карысталіся вялікарускія і польскія гісторыкі. Длугош, Бельскі і асабліва Стрыйкоўскі бяруць з іх массу ведамак і нават аддзельных уставак. Хоць апошнімі часамі дасьледаваньне Літоўскіх летапісаў значна пасунулася наперад, але яшчэ дагэтуль няма параўнаўчай іх рэдакціі, не саўсім выясьнены крыніцы паасобных апавяданьняў і найменш выясьнены родаводы літоўскіх князёў.

Значнейшыя працы па дасьледаваньню нашых летапісаў адносяцца да ХІХ ст., з іх найбольш цэнныя:

И. Тихомировъ, „О составѣ западно-русскихъ, такъ называемыхъ литовскихъ лѣтописей“ (Журн. Мин. Нар. Пр. 1901, март и май).

St. Smolka, „Najdawniejsze pomniki dziejopisarstwa Rusko-litewskiego“ (Кракаў, 1889).

А. Prochaska, „Latopis Litewski Rozbiór krytyczny“ (Львоў, 1899).

Staroniewicz, „O latopisach i kronikach ruskich XV i XVI wieku, a zwlaszcza o latopisie Welikoho kniażstwa Litowskoho i Žomojtskoho“ (Кракаў, 1882).