Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

ўжо добра ведама, як роўна была ведама і тая высокая культура, якой абладалі Грэкі. Хрысьціянства заходнага абраду прыходзіла праз варажскія княжыя дружыны; гэтак сама ўсходныя, грэцкія ўплывы прыходзілі праз паходы на Грэцію, — і службу варажскіх дружын у Візанціі, а такжа праз нявольнікаў, запраданых у грэцкія землі, якія, тым ці іншым спосабам, вярталіся назад. Такім чынам хрысьціянства здавён ужо пранікала ў жыцьцё Крывічоў і падгатаўляўся грунт да ўсеагульнага прыняцьця хрысьціянства.

Прыняцьце хрысьціянства. Як вышэй сказана, хрысьціянства пранікала з Усходу і Захаду. З Захаду, праз Варага-Рускія (нямецкія) дружыны, праз тарговыя стасункі з нямецкімі землямі і праз нямецкіх прапаведнікаў, якія прыходзілі з Варажскімі дружынамі[1]. З усходу — праз паходы ў Візанцію, праз тыя-ж тарговыя зносіны і, такжа, праз прапаведнікаў з ужо хрысьціянскіх палуднёва-славянскіх зямель — Баўгарыі і Сэрбіі.

І хоць да Х ст. хрысьціянства было даволі пашырана, але яно не было выкарыстывана для дзяржаўных мэт. Шчасьлівая мысьль зрабіць хрысьціянства верай дзяржаўнай, была падсунута грэкамі кіяўскаму князю Валадзімеру. У 988—990 гадох Валадзімер прыняў хрысьціянства і, пры помачы грэцкіх сьвятароў, ахрысьціў сваю дружыну і кіяўскіх мяшчанаў. Гэты крок Валадзімера меў страшэнна важныя вынікі: Варагі-Русь ўзялі ў свае рукі ініціятыву хрышчэньня ўсходных Славянаў, або, іначай кажучы, набылі сабе права рабіць падбоі славянскіх плямён пад відам наварачываньня ў хрысьціянства. Больш таго, крыж у руках Варагаў-Русі, акружыў іх аўрэоляй носьбітаў і пашырыцеляў вышэйшай культуры. Кіяў стаўся асяродкам распашырэньня хрысьціянства, а кіяўскі князь, нараўне з мітрапалітам-грэкам, стаўся галавой гэтага хрысьціянства, якое на ўсходна-славянскіх абшарах заслыло пад назовам „рускай“ веры.

У справе замацаваньня варажскіх заваяваньняў на ўсходнай славяншчыне прыняцьце хрысьціянства Варагамі-Русьсю адыграла першарадную ролю. Мала таго, гістарычныя даныя даюць факты, якія гавораць аб тым, што Валадзімер імкнуўся пры помачы хрысьціянства зцэнтралізаваць ўсе зробленые Варагамі заваяваньні. Што ня гэтулькі ішло Кіяву аб само хрысьціянства, як аб дзяржаўны цэнтралізм, найлепш сьведчыць гісторыя Турава. Адначасна немаль з прыняцьцем хрысьціянства ад Грэкаў у Кіяве, тураўскі князь, Сьвятаполк, сын кіяўскага Валадзімера, хрысьціў Тураўцаў пры помачы біскупа немца — Рэйнбэрга паводле заходнага абрадку. Дазнаўшы аб гэтым Валадзімер напаў на Тураў, паланіў кн. Сьвятаполка і біскупа Рэйнбэрга, а Тураўцаў перахрысьціў нанова, па грэцкаму абрадку.

Пераход у новую „рускую“ веру, разглядаўся ў тыя часы, як адначасны пераход ў новую націянальнасьць „рускую“.[2]

  1. А. А. Шахматовъ: Заметка къ древнѣйшей исторіи русской церковной жизни.—Научн. Истор. Журнал, 1914, № 4, бал. 30–61.
  2. „Візантыцкі рэлігійны прынцып у стасунку да нехрысьціянскага сьветагляду і яго выражэньню ў літэратуры адзначаўся поўнай непашанай, а ласьне: ён чужога народнага сьветагляду не прызнаваў. Усё, штьо не ўкладалася ў рамкі хрысьціянства, як яго разумелі візантыйцы, лічылася адрынутым, „бесаўскім“. Усякае выражэньне да-хрысьціянскага вераньня безумоўна асуджалася і прасьледавалася, як чартоўскае, ў якім-бы стасунку па істоце яно не было да хрысьціянства. Пад гэтае паняцьце — (чартоўскага, процілеглага хрысьціянству) падтасовывалася гэткім чынам і праяўленьне народнасьці“, (гэта знача, — мова мясцовых плямён іх звычаі і абычаі). М. Н. Сперанскій „Истор. Древ. Русск. Лит.“ Москва 1920. Кіевскій період; балона 286.) І далей, там-жа, кажа гэты самы аўтор, глыбокі знавец стараславянскай пісьменнасьці: „У грэкаў ў стасунку да нас прынцып народнасьці быў падменены прынцыпам праваслаўя“. (Ці праўдзівей, тое і другое — і народнасьць і праваслаўе — падмяняліся імям Русь, якое процістаўлялася паганскаму, „бунтарскаму", „бесаўскаму“, „сьмярдзячаму“ (зраўняй „смэрд“), якімі прыметамі азначалі Варагі ўсё мяйсцовае—народнае, ўключаючы сюды і мову, і пісьменнасьць, і звычаі, і абычаі).