Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

Апокрыфы карысталіся вялікай пачытнасьцю ў Баўгарыі, як сярод сьвецкіх людзей, так і паміж духавенства. Са сьвецкай літаратуры было перакладзіна на баўгара-сэрбскую мову некалькі візантыцкіх хронік, якія апавядалі аб падзеях ад Адама да пазьнейшых часаў. Да гэтых адносяцца хроніка Малалы, Арматола і Мэтафраста. Трэцьці аддзел баўгарскай літаратуры станавілі гістарычныя повесьці: Аб Траянскай вайне, Александрыя, Варлаам і Іоасаф (хрысьціянская перапрацоўка з жыцьцёпісу Будды) і інш.

Вось, з гэтай літаратурай прыходзіла хрысьціянства да нас, разам з баўгара-сэрбскім духавенствам. А дзеля таго, што для новааткрываных царквей патрэбны былі кнігі, то адначасова з заснаваньнем біскупстваў, засновываліся і манастыры, ў якіх вучылі пісаць, чытаць і перапісываць кнігі. Спершапачатку галоўным заданьнем манастыроў было спасобленьне кандыдатаў да духоўнага стану і перапіска літургічных і іншых кніг для засмакаваўшых ў чытаньні вярхоў грамадзянства. Такім парадкам, ўжо ў першым стагодзьдзі пасьля прыняцьця хрысьціянства, у нас свае мяйсцовыя перапісчыкі абслугоўвалі кнігамі цэркві. Пры манастырох, як цэнтрах асьветы і размножаньня кніг, сабіралі кнігі і складалі бібліятэкі. Чым багацейшы быў кнігамі манастыр, тым большая была яго слава.

Кнігі стараліся перапісываць літара ў літару, хоць не глядзя на тое, там-сям пракрадаліся „спамылкі" сьпярша толькі ў правопісі, а пазьней памалу пачалі ўхадзіць і паасобныя мяйсцовыя словы. Гэтая царкоўна-баўгаршчына, адзіная для ўсяго славянства, паслужыла вялікай збліжаючай сілай для паасобных мяйсцова-племянных гутарак. Дзеля гэтага ў пэрыёдзе між Х–XIII ст. ўсе кнігі, пісаныя на абшарах Усходнай-Славяншчыны, мала чым ад сябе рожняцца. Мова царквы і граматнасьці была ад Карпат да Ноўгарада адна і тая-ж самая царкоўна-славянская, або „руская”. Большыя адступленьні відаць ў мове арыгінальных твораў, пісаных мясцовымі людзьмі, асабліва — ў будове сказаў і часьцю ў слоўніцтве. Значны ухіл да народнай мовы павінен быў быць у лістох і граматах, судзячы паводле прыкладаў, якія дайшлі да нас з пазьнейшых часаў, з XII–XIII ст.

Перапісчыкі кніг. Пісалі кнігі тросьцямі (каламамі), якія прывазіліся з Візанціі. Замест цяперашняй паперы ужывалі толькі пэргаміну, які вырабляўся з авечай ці іншай якой скуры, так сама прывожанай з Грэціі і Баўгарыі. Ужываньне паперы пачынаецца толькі з другой палавіны, а сьцісьлей — з апошняй чверці XIV стагодзьдзя. Папера гэна называлася „бомбіцына“ і была вельмі высокага гатунку.

Пэргамінныя кнігі пісаліся у нас пераважна на добрым пэргаміне. Да пісаньня спярша прыстаўлялі сшыткі, якія лінавалі чым цьвёрдым для азначэньня даўжыні і вышыні пісанага радка, каб ва ўсей кнізе шырыня і даўжыня запісанай балоны была аднастайная. На балонах пакідаліся шырокія чыстыя белягі („полі“). Кнігі ў цэлы аркуш пісалі зазвычай ў дзьве гранкі, а ў поўаркуша ў адну гранку. Пісалі шырока, тоўстымі рысамі, ставілі літары проста, аддзельна адна ад другой. Кождая літара апрацовывалася з поўнай выразнасьцю. Пачатныя літары і агалоўкі малявалі мініяй (чырвонай фарбай)