Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

і аздаблялі рожнымі фігурамі і рысункамі. Перапісчык кнігі мусіў быць адначасна і малярам. Пісалі не на сталах, як мы цяпер робім, а на разгорнутай далоні левай рукі, абапёртай локцям аб калена.

Перапісываньне кніг было справай, вымагаючай ня толькі вялікага умецтва, цярплівасьці, але і зьверхняй помачы. Дзеля гэтага, да пісаньня кніг прыступалі з малітвай; канчаючы перапісываць кнігу, выражалі падзяку Богу, азначалі год, месяц і дзень калі было закончана пісаньне. Дзеля гэтага, што перапісываньне кніг было справай вельмі доўгай і цяжкай, то ў некаторых кнігах маецца падробнае абазначэньне часу, калі была напісана тая або другая кніга. На самае скорае напісаньне кнігі зужывалася многа часу. Апостал 1220 году (240 карцін у кнізе) быў напісаны ў два месяцы бяз некалькіх дзён г. зн. па 4 ½ карцін у дзень. Другія кнігі, якія вымагалі больш акуратнага пісьма, пісаліся яшчэ павальней.

Дзеля гэтага ў канцы кнігі зазвычай маюцца прыпіскі, ў якіх выражае перапісчык радасьць з дакончанай працы, прыкладам:

„Як радуецца жаніх, убачыўшы нявесту сваю, так радуецца пісец, бачучы апошнюю балону і як радуецца купец атрыманьню зыску, або корнік — прыбыцьцю ў прыстань, ці падарожнік павароту ў бацькаўшчыну, — так-жа радуецца і перапісчык кнігі дакончаньню працы свае”.

У іншых рукапісах сустрачаюцца і такія прыпіскі, ў якіх перапісчык выказуе надзею на збаўленьне душы ў нагароду за сваю працу, і, ў яшчэ іншых прыпісках, просіць перапісчык выбачэньня за свае мімавольныя спамылкі ды пакорна моліць аб тым, каб чытачы паміналі яго ў сваіх малітвах.

Галоўнымі цэнтрамі перапіскі кніг у Крыўскай зямлі былі: Смаленск, Тураў, Полацак і Новагорадак. З дахаванага да нашых часаў Тураўскага Евангельля XI cт., перапісыванага, безумоўна, перапісчыкам мясцовага паходжаньня, мы бачым, як у гэтым дзеячасе высока ўжо стаяла тут умецтва перапісываньня кніг.

Характар і мова пісьменных помнікаў. Дзякуючы таму, што мова пісьменнасьці у нас прынялася чужая, то ў помніках гэтай старой пісьменнасьці заўважаецца цікавы працэс асыміляціі моваў: з аднэй стараны, пісаныя помнікі прыймаюць пад ўплывам жывой мовы яе фонэтычныя і морфолёгічныя азнакі, а з другой — у жывую мову пад уплывам пісьменнасьці, часьцю сьвядома, а часьцю і несьвядома, пранікаюць формы, а асабліва, словы, якія выражалі новыя паняцьці. Славянская мова з самага пачатку заваявала сабе палажэньне мовы царкоўнай, дзеля гэтага, ня толькі пераклад-