Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/260

Гэта старонка не была вычытаная

XVI стагодзьдзе.

Збудаванае высілкамі Міндаўга, Альгерда і Вітаўта в. кн. Літоўскае было фізычна вялікім, і, ў выпадках аднадушнасьці, грозным для суседзяў, але ў грунце слабым духова, бо ня мела ні супольнай гістарычнай традыціі, якая творыць нацыянальную культуру, ні адзінага веравызнаньня, ані аднастайнай жывой мовы. Рожнародны націянальны і веравызнаўчы склад дзяржавы, асабліва пасьля збліжэньня с Польшчай і прыняцьця каталіцтва пануючай дынастыяй і многімі магнатамі, стаўся прычынай няўпынных унутранных закалотаў і нездаволень, з якіх суседзі — Польшча і Масква — карысталіся для аслабленьня Літвы.

Так яснага і зразумелага сягоньня для нас паняцьця націянальнасьці ў тыя часы саўсім не істнавала. Паняцьце націянальнасьці заступалася паняцьцямі дзяржаўнай прыналежнасьці і веравызнаньня. У дадатку грамадзянства было разьбіта на станы; кождая становая група жыла замкнутым жыцьцём, і пераход са стану ў стан быў надзвычайна трудным. Пачуцьця нацыянальнай еднасьці між паасобнымі станамі ня было. Князі і магнаты трымаліся здалёк ад баярства, а баярства, ў свой чарод, трымалася здалёк ад мяшчанства і сялянства, асабліва — ад апошняга, якое лічылі паходзячым з іншага Ноевага пакаленьня. Ніводнаму князю, ніводнаму магнату ў галаву не прыходзіла думка, што ён можа быць аднэй і тай самай крыві з „простым народам“, і, наадварот, шырокія народныя масы не пачувалі кроўнай сувязі з князямі і магутамі.

Усходны абрадак, за пяць стагодзьдзяў істнаваньня на крыўскіх землях, з накінутай гвалтам чужой веры, здолеў глыбока ўвайсьці ў жыцьцё і прывычкі нашых прашчураў, стаўся роднай, бацькаўскай верай. А як процістаўленьне новазаводжанаму каталіцтву — „польскай веры“, усходны абрадак у XV і XVI ст. ст. аканчальна прыбірае назову „рускай веры“. Гэты рэлігійны і культурны кантраст („руская вера“) быў прыняты больш кансэрватыўнай часьцю грамадзянства за спэціяльна яму прыналежную і найбольш відомую азнаку народнай асобнасьці ў вачох сваіх і чужых. Дзякуючы гэт-