Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/261

Гэта старонка не была вычытаная

каму погляду, царква мала-памалу становіцца асяродкам і вогнішчам разьвіцьця сваеаблічнага сьветагляду і культуры, абапертых на візантыцка-баўгарскай спадчыне мінуўшых стагодзьдзяў.

Калі-б усходны абрадак быў выключнай прыналежнасьцю толькі нашага крыўскага народу, то магчыма, што царква стала-бы тым асяродкам, з якога нація выйшла-бы адроджанай. Але ўсходны абрадак зьвязываў рожнародныя націянальныя, языковыя і палітычныя элемэнты: Крывію, Украіну, Вялікі Ноўгарад і Маскву. Апошняя, прыняўшы на сябе прадстаўніцтва „рускай веры“, тым або іншым шляхам старалася мець і мела ўплыў на ўсіх праваслаўных, як крывічоў, так і украінцаў.

Згэтуль падзел у грамадзянстве на „орыентаціі“ заўважаецца ад пачатку XV ст. нават ў Радзе Гаспадарскай в. кн. Літоўскага. Пад канец XV ст. немаль закончылася палітычнае аб’яднаньне Масковіі. Вялікі князь Маскоўскі, як у сваіх уласных вачох, так і ў грамадзкай апініі стаўся адзіным на ўсходнай славяншчыне прадстаўніком „рускай веры“ і, што з гэтага вынікае, — „рускай“ народнасьці, натуральным іх абаронцам і апякуном. Асаблівай аўрэолі ў вачох нашых прашчураў набрала Масква, калі Іван ІІІ ажаніўся з Софіяй, пляменіцай апошняга грэцкага імпэратара, і прыняў за гэрб Масковіі двугаловага візантыцкага арла, а такжа тытул „гасудара всея Руси“, а знача — і „Русі“ Крыўскай і Украінскай.

Як вынік орыентаціі на Маскву, ў 1481 годзе была ўтворана змова, на чале якой станулі: Слуцкі князь Міхайла Олельковіч, яго зродны брат Фёдар Іванавіч Бельскі і адзін с князёў Гальшанскіх. Змоўшчыкі пастанавілі загубіць в. кн. Казіміра, а каліб гэта не ўдалося зрабіць, то „отсѣсть“ ад Вялікага князства са ўсімі землямі па Бярэзіну і злучыцца з Масковіяй.

Не глядзя на ўнутраны распад, да палавіны XVI ст. нашае грамадзянства яшчэ трымалася свае культуры даволі крэпка. Нават у сталіцы в. кн. Літоўскага, Вільні, дзе былі найбольшыя чужыя ўплывы, крыўская мова і граматнасьць займалі першае мейсца ня толькі ва ўсіх урадовых установах, але нават на дварэ каталіцкіх біскупаў і вялікакнязяўскім дварэ. Аб апошнім вымоўна сьведчыць склад бібліатэкі, якую в. кн. Жыгімонт Стары быў сабраўшы ў Крывым замку ў Вільні. У 1510 годзе было ў гэтай бібліятэцы каля 70 пісаных і друкаваных кніг. Найбольшая часьць, праўда, прыпадала на кнігі лацінскія, але ў той час, калі польскіх і чэскіх кніг было ўсяго некалькі, то кірылаўскіх кніг было ў бібліатэцы 27 агалоўкаў. 80 гадоў пазьней лік кірылаўскіх кніг, раўнуючы да другіх, займаў самы нязначны працэнт.

У каталіцкім касьцёле крыўская мова і кірылаўская граматнасьць такжа даволі упорна змагаліся, да першай палавіны XVI ст. за сваё істнаваньне, з лацінскай мовай і польшчынай. Пералом на горшае наступіў толькі ў другой палавіне XVI ст. пад навалай чужых уплываў, грунт для якіх быў прыгатаваны рэлігійным і становым падзелам, а такжа бязсэнсоўнай басьняй аб італьянскім паходжаньні сільнейшых краёвых родаў.

Паверыўшы ў сваё італьянскае паходжаньне, магнаты, а за імі баярства і шляхта, лічылі сябе чужынцамі ў роднай зямлі. Падобна летапісцу Міха-