Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/262

Гэта старонка не была вычытаная

ёну многія з нашых вярхоў у XVI ст. гаварылі: „непатрэбна мы вучымся рускай мовы, каторая не дае ніякай славы, ў дадатку чужой нам, літвіном, г. зн., — італьянцам, паходзячым с крыві лацінскай“ (Міхалён Літвін „Аб абычаях татар, літвіноў і масквіцянаў“. — „Вѣстникъ Зап. Росс." 1864, т. ІІІ, бб 35, 36)). Гэткі погляд ужо быў пратэстам супроць „орыентацій“, магчымай спробай аб’яднаць магнацкія роды на грунце свае дзяржаўнасьці. Кіруючыся гэткімі поглядамі, магнацкая моладзь вучыцца лаціны і імкнецца заграніцу, сьпярша — ў Прагу да чэхаў, дзе с 1379 году істнавала бурса для студэнтаў з Літвы і Русі, пазьней — у Кракаў, дзе с 1409 году закладаецца такая-ж бурса, і ўрэшце, ў пачатках XVI ст., моладзь цэлымі грамадамі выяжджае ў Італію, ў Нямеччыну і Францію.

Вядомы князь Міхайла Глінскі канчае навукі ўжо заграніцай і прыймае там каталіцтва. Леў Сапега вучыцца ў Лейпцызе, князь Саламярэцкі і Мелеці Сматрыцкі канчаюць навукі ў Вітэнбэрзе. Князь Заслаўскі 12 гадоў бавіць у вучэльнях Італіі, Нямеччыны, Франціі і Нідэрляндзіі. Ян Кішка — зяць Канстантына Астрожскага, пазьней галоўная апора соціянаў у Літве, — вучыўся ў Італіі. З мэтрык Базылейскага унівэрсытэту відаць, што ад 1533 да 1599 году тут вучыліся: Ян Кішка, двох Зэновічаў, Скумін (Тышкевіч), двох Масальскіх, двох Абрамовічаў, двох Радзівілаў, Агінскі, Трызна, трох Нарушэвічаў і Валовіч. У Падуі між 1592 і 1599 вучылася: двох Глебовічаў, Тышкевіч з Лагойска, Валовіч, Копаць, Сапега, двох Нарушэвічаў, двох Абрамовічаў, Корсак і інш. (А. Jablonowski, „Akademia Kijowo-Mohilanska“. Кракаў, 1900). Усе яны запісаны тут ў сьпісках як „Lituani". З тысячаў крыўскай і украінскай моладзі, ўсяго адзін толькі украінец падпісаўся ў сьпісках кірылаўскімі літарамі: „Іезехиель Курцевичъ рукою власною“.

Будучы ў заходна эўропэскіх акадэміях, унівэрсытэтах і вучэльнях, наша моладзь далучалася да вялікага умысловага руху, які ў тыя часы захопліваў заходна-эўропэйскае грамадзянства і быў шырока вядомы пад назовай гуманізму. Ужо в. кн. Казімір-Андрэй акружаў сябе гуманістымі, якія ў першы чарод ставілі пытаньне аб вызваленьні умысловасьці ад панаваўшай схолястыкі і вызваленьне дзяржавы ад кіравецтва духавенствам. Гуманістычны рух падтрымлівалі многія заходна-эўропэйскія манархі, а такжа багатыя мяшчане гарадоў: Аўсбурга, Нюрэнбэрга, Базэля і інш. У трэцяй чверці XV і пачатках XVI ст. гуманістычны рух перарадзіўся ў рэформацкі. Усюды вымагалі рэформы царквы. Калі праз блізкае суседзтва з Прусіяй і праз павяртаючую з заграніцы моладзь, рэформацкія ідэі пачалі пашырацца, то ў нас яны знайшлі вельмі падатны для сябе грунт: ў грамадзянстве было агульнае нездаволеньне справамі веры і царквы. Рэформація, пачынаючы з 40-х гадоў XVI ст., пашыралася вельмі шпарка і хутка ахапіла цэлыя масы шляхты, паноў, мяшчанства, жыхарства гарадоў і мястэчак. Калі ў 1552 годзе на сойме ў Петрыкаве (Piotrków) кароль запрапанаваў абсудзіць абарону граніц дзяржавы, то сойм аднагалосна згодзіўся заняцца гэтым толькі пад варункам папярэдняга збаўленьня ад шмат небясьпечнейшага ўнутраннага ворага, г. зн. ад ксяндзоў, якія адданы на служэньне Рыму. Ян Ласкі напісаў праэкт устрой-