Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/264

Гэта старонка не была вычытаная

гімназіі: ў Вільні, Слуцку, Новагорадку, Несьвіжы, Заслаўлі, Марачы, Вітабску і ў другіх мяйсцох. Побач з гэтым адным толькі Мікалаям Радзівілам на працягу 20 гадоў было адкрыта 162 кальвінскіх зборы: ў Вільні, Берасьці, Гальшанах, Ашмяне, Смаргонях, Несьвіжы, Оршы, Менску, Новагорадку, Вітабску, Шклове, Полацку, Заслаўлі і ў іншых гарадох і мястэчках.

Мікалай Радзівіл залажыў такжа некалькі друкарань, пры помачы якіх мела быць пашырана новае веравызнаньне. Радзівіл набіраў пропагатараў кальвінізму пераважна спаміж вучоных палякаў, якія прыносілі да нас вызваляючуюся з пут лаціны польшчыну. Побач с кальвінскай польшчынай у пачатку падымалася мысль і аб вызваленьні крыўскай мовы с пут царкоўнай баўгаршчыны. З гэтай мэтай для прапаганды кальвінізму сярод крывічоў коштам таго-ж Радзівіла і старэньнем несьвіжскага бурмістра Кавечынскага, несьвіжскага кальвінскага пастара Крышкоўскага і клецкага пастара Буднага быў надрукаваны ў Несьвіжы, ў 1562 годзе, кальвінскі катэхізм. А такжа з гэтай самай мэтай выдаў Будны ў Несьвіжы кнігу „О оправдании грешного человѣка пред Богом“. Катэхізм празначаўся для „простого народу руського и для хрестиянских дѣток руских“. Пасьвечаючы выданьне дзецям Радзівіла, выдаўцы выказывалі радасьць, што ў новай друкарні пачалі друкавацца кнігі „на здаўна слаўнай і шырока распашыранай славянскай мове“, і надзею, што княжаты, займаючыся чужымі мовамі, будуць любіць сваю родную. Былі кінуты здаровыя думкі, саўсім верныя ідэі рэформаціі, якая на Захадзе, адкідаючы лаціну, апірала сваю навуку на мове народных мас. Гэтыя думкі знайшлі шчырых прыхільнікаў сярод дробнай шляхты і баярства, аб чым найлепш сьведчыць выданнае Васілём Цяпінскім ў яго „убогай“ друкарні Евангельле ў жывой крыўскай мове (1570 г.). З прадмовы Цяпінскага да гэтага Евангельля вее такой гарачай любоўю да асьветы ў роднай мове, такім глыбокім патрыотызмам, роўнага якому нельга знайсьці ні ў ранейшай, ні ў пазьнейшай нашай пісьменнасьці. Гэтай шчырай прывязанасьці да „простай мовы“ не бачым мы ў багатых і сільных крыўскіх родах. Мікалай Радзівіл друкуе ў Берасьці (1563 г.) Біблію ў польскай мове. Сымон Будны дае цэнны пераклад Евангельля на польскую мову і гэткім чынам, побач з роднай мовай, новаверства нясе з сабой у крыўскія землі польшчыну, якая пад можнай апекай Радзівілаў, Кішкаў, Глебовічаў і інш. выцясьняе „мову простую“. За магнатамі валам валіла залежная ад іх шляхта і баярства. Прыкладам, у Новагорадзкім павеце з 600 з лішнім баярскіх фамілій не далучылася да новаверства ўсяго толькі 16 фамілій.

Рэформацкія друкарні — Радзівілаўскія ў Берасьці (ад 1559 г.), ў Несьвіжы (ад 1563 г.), і Вільні (ад 1576 г.), Яна Кішкі ў Лоску (арыянская ад 1564 г.), Данілы з Лучыц у Вільні (ад 1581 г.), Яна Карцана (ад 1583 г.), віленскага кальвінскага сыноду (ад 1580 г.), Яна Глебовіча ў Вільні (ад 1584 г.), Кмітаў у Любчы каля Новагорадка (ад 1592 г.) — залівалі край польскімі кнігамі, а рэформацкія школы шырылі між сваіх вучняў разам з лібэралізмам, лацінай і новаверствам польскую граматнасьць. Дзеля гэтага вельмі памыляюцца тыя, якія кажуць, што, да здэнаціяналізаваньня нашага баярства і распашы-