Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/265

Гэта старонка не была вычытаная

рэньня польшчыны прычынілася ў нас сьпярша каталіцтва, а пазьней унія: галоўным чынам віну спольшчаньня нашага грамадзянства трэба прыпісаць рэформаціі, пасьля упадку якой гатовыя плёны пажыналі ўжо езуіты.

Рэформація магла даць у XVI ст. запраўднае адраджэньне крыўскаму народу, каб яна (рэформація) была абаперта на родную мову, пад клічам вызваленьня яе з-пад уплыву мёртвай царкоўна баўгаршчыны. Аднак тагочасная націянальная думка не магла выйсьці з тых лабірынтаў супярэчнасьцяў, якія награмадзіла гісторыя ў крыўскім націянальным жыцьці. Царкоўна-славянская граматнасьць лічылася азнакай „рускай“, мела ўжо вырабленую пісьменнасьць, атрасьціся ад якой няздужалі тагачасныя пакаленьні, бо не спрамагліся асіліць клясовых забабонаў і зьнізіцца да мовы „мужыцкай“, каб яе падняць і зрабіць мовай рэлігіі і асьветы.

Дзякуючы вышэй прыведзеным фактам і ўплывам, безупынна ператвараюцца, ў чародным нашым пакаленьні, погляды і традыціі, рэлігійныя і палітычныя паняцьці, звычаі і абычаі. Новыя ідэі так захоплююць у другой палавіне XVI ст. крыўскае грамадзянства, што пад іх уплывам прытупляецца пачуцьцё свае націянальнай індывідуальнасьці. Русчына ў масах баярства і шляхты пачынае уступаць усюды, ў мове, ў абычаях, у веры. Адзін з сучасьнікаў, лепшы знавец тагачаснага жыцьця, так характарызуе палажэньне:

„шмат пашкодзіла рускім паном, што не маглі школ і навук паспалітых пашыраць і іх фундаваць: бо каб навуку мелі, не прыйшлі бы да гэткай згубы, бо не маючы сваіх навук, у рымскія навукі дзяцей сваіх пачалі аддаваць, каторыя з навукамі іхнімі і да веры іх прывыклі і так мала-памалу з навукамі сваімі ўсё панства рускае да веры свае прывялі, так што патомкі князёў рускіх з праваслаўнай веры ў рымскую выхрысьціліся, прозьвішчы і імёны сабе падмянялі, як бы ня зналіся быць патомкамі благачэсьцівых прабацькоў сваіх".

І запраўды, чужыя школы, ляцкія жоны, служба пры каралеўскім дварэ і ў войску, рэлігійны лібэралізм — пхалі шляхту на Захад. Лепшым прыкладам гэтага можа служыць тое, што пасьля рэлігійнай уніі, шляхта, абураная прасьледаваньнем праваслаўя уніятамі, замест змаганьня з апошнімі, „ціснулася грамадой ў некаталіцкія зборы“ (М. Wiszn. „Hist. Lit. Pol., VIII“, 266), а пагадзя пераходзіла ў каталіцтва.

Рэлігійная унія 1596 году ня была прыпадковым ці накінутым фактам у жыцьці нашага народу, але саўсім натуральным вынікам ходу тагачаснага жыцьця. Была гэта ў першы чарод націянальная „руская“ справа, паднятая ініціятарамі яе з добрай верай і надзеямі уратаваць сваё грамадзянства пры помачы яшчэ аднэй рэлігійнай спробы, ў той час, калі надзеі, ускладаныя на рэформацію, пачалі падаць, і каталіцкая рэакція стала загартаць пад сябе што раз шырэйшыя масы, а з другой стараны стала ізноў узьнімацца праваслаўе, якое пагражала разростам маскоўскіх уплываў. Пры самых сваіх нарадзінах унія апынулася паміж двама воражымі ёй абозамі, — між рэформатамі і праваслаўнымі, якія ціснулі яе з дзвёх старон, заганяючы ў штораз большую залежнасьць ад рыма-католікаў. І хоць унія ня здужала утрымаць у сваіх руках кіравецтва адраджэньнем нашага грамадзянства, але ў пачат-