Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/266

Гэта старонка не была вычытаная

ках палажыла вялікія заслугі, бо прычынілася да разбуджаньня дрэмлючых сіл у нашым народзе, як у грамадзкім жыцьці, так і ў пісьменнасьці. Засьведчыў гэта адзін з выдатнейшых абаронцаў праваслаў’я, Лаўрын Дрэвінскі ў соймавай прамове 1620 году:

„Каб ня было сталася адступленьне некатарых з нашага духавенства ад свайго ў веры пастыра, каб выйшоўшыя з нас не паўсталі супроць нас, то такія навукі, школы, і так дастойныя і вучоныя людзі ня выйшлі-бы з нашага народу“.

Змаганьне з уніяй падняло ўвесь праваслаўны ўсход, ад Канстантынопаля да Масквы, бяз рожніцы націянальнасьці, бо на „рускіх“ землях в. кн. Літоўскага і Польшчы, важыліся лёсы цэлага ўсходнага абрадку. Як загрожанаму небасьпекай рэформамі каталіцтву ў Польшчы, Рым пасылаў безустанную падмогу з усей заходнай Эўропы, так і канстантынопальскі патрыархат пасылаў з Грэціі, Сэрбіі, Баўгарыі, Малдавіі і Масковіі падмогу і сваіх экзархоў, надаваў стаўропігіі брацтвам і пасілкаўваў школы навытаранымі ў богаслоўі дыдаскаламі. Словам, на крыўскіх і украінскіх землях кіпела змаганьне ня толькі нашых між сабой консэрватараў і лібэралаў, але папраўдзе на жыцьцё і сьмерць ішла бітва Канстантынопаля з сьмяротнымі ворагамі праваслаў’я — рэформаціяй і Рымам. Абарона праваслаў’я ад рэформатаў і уніятаў у пачатках не была абаронай загрожанай „рускай“ народнасьці, бо праціўнікі ва ўсіх трох абозах лічылі сябе роўна добрымі „русінамі“.

Калі характарызаваць погляды нашых праваслаўных, уніятаў і рэформатаў канца XVI ст., то галоўнай пабудкай у дзейнасьці першых быў рэлігійны консэрватызм, у дзейнасьці другіх, уніятаў, было жаданьне, пры помачы замены Канстантынопальскай зьверхнасьці на рымскую, зрэфармаваць і падняць сваю царкву, але пры гэтым утрымаць яе націянальна „рускай“, у проціўвагу царкве каталіцкай — польскай; мэты рэформацкіх кругоў ва ўнутранай грызьні рожных сэкт, — ад лютэранаў, кальвіністаў і да арыянаў, — былі хутка загублены.

Унія, выступіўшы сьпярша пад знакам адраджэньня царквы і свае народнасьці, дзякуючы лішне сквайлівай апецы над уніяцтвам каталікоў, чым далей, тым больш выпушчала ніці кіравецтва „рускай“ справай на карысьць праваслаў’я, якое ўрэшце, што раз часьцей, пачынае выступаць у ролі адзінага праўдзівага прадстаўніцтва „рускай“ народнасьці.

Галоўнай апорай праваслаўя ўнутры краю, ў крыўскіх і украінскіх землях, сталіся шырокія народныя масы, як гарадзкога, так і вясковага жыхарства, — адзінай сфэры, не захопленай эўропэйскім лібэралізмам. Усё, што было жывога ў гэтых сфэрах, было мобілізавана ў брацтвы, павадырства над каторымі ўзялі ў свае рукі духоўнікі і грамадзяне з вышэйшых станаў, якія яшчэ ўтрымаліся пры старой веры. Асаблівую увагу праваслаўныя брацтвы ў першы чарод зьвярнулі на устройства школ і друкарань. У другой палавіне XVI ст. ў Вільні істнавала ўжо пяць брацтваў: 1) панскае, якое складалася з магнатаў, бурмістраў і радцаў, 2) купецкае, 3) кажамяцкае, 4) куш-