Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

нашых прашчураў ня было арганізаваным і не магло змагацца з хрысьціянствам сыстэматычна, як асобная ад мясцовай княжай ўлады сіла. Калі сустрачаюцца ў нас паасобныя выпады супроць паганства, то толькі ў павучаючай пісьменнасьці, і гэта — не арыгінальныя выступы мясцовага духавенства, а перапрацоўка грэцкіх „слоў“, скіраваных супроць грэцкага паганства. Словы супроць лаціньнікаў мелі пад сабой больш рэальны грунт, бо лацінскія ўплывы ішлі з суседняга нямецкага Захаду праз таргоўлю, але паміж нашым духавенствам, відаць, не было людзей з патрэбнай дагматычнай падгатоўкай, бо арыгінальных твораў ня маем. Уся полемічная пісьменнасьць супроць лаціністаў да XIV ст. ёсць перакладной з грэцкай мовы. Арыгінальная і багатая полемічная пісьменнасьць зараджаецца у нас у XVI ст. з прычыны рожнаверства і Уніі.

Пропаведзь. У гэтай галіне пісьменнасьці мы маемо з даволі раннага часу некалькіх першай вартасьці аўтораў, даволі назваць імёны такіх выдатных пісьменнікаў, як Кірыл Тураўскі і Клім Смаляціч. Яны далі цэлы рад надзвычайна добрых пробак царкоўнага красамоўства. Разумеецца, што гэта красамоўства знаходзілася пад уплывам візантыцкага, але па выконаньню, па жывому пачуцьцю не уступае лепшым грэцкім тагочасным пісьменнікам. Да гэтых двох нашых царкоўных красамоўцаў некатарыя аўторы далічаюць і Грыгора Цамблака, якога стыль вельмі сходны са стылям Кірыла Тураўскага.

Помнікі канонічныя. Гэткімі помнікамі зьяўляюцца „Правило церковное“ мітр. Іоана ІІ і „Вопрошанія Кірыка". Першы з іх зьявіўся каля 1089 г. спачатку ў грэцкай мове, ў форме адповедзяў нейкаму чорнарызцу Якаву на яго пытаньні аб непаразуменьнях у царкоўнай практыцы. Іоан ІІ — грэк, ён быў мітрапалітам у Кіяве. Яго „Правило" належала да вельмі пашыраных у нас кніг у першыя векі хрысьціянства.

„Вопросы Кирика" і другіх (у іх ліку — і Кліма, мабыць, — Кліма Смаляціча) зьмяшчаюць у сабе адказы на пытаньні аб непаразуменьнях у царкоўным жыцьці нейкага Кірыка (Кирик, Киріак, Кирилл, — можа гэта Кірыла Тураўскага?).

Гэтыя два помнікі даюць вельмі цікавую характэрыстыку умысловага стану тагочаснага духавенства, але — не нашага выключна, а агульна ўсходне-славянскага. Зрэшта абодвы помнікі зьяўляюцца не чыім-колечы індывідуальным плодам, а формулоўкай царкоўных правіл, робленай рожнымі асобамі.

Жыцьцёпісы. Акром перакладных жыцьцёпісаў сьвятых, мы маем цэлы шэраг арыгінальных помнікаў гэтай галіны царкоўнай пісьменнасьці. Да іх належаць: жыцьцё Барыса і Глеба[1], Меркурыя Смаленскага, Аўраамія Смаленскага, Кірыла Тураўскага, Еўфрасініі Полацкай і інш. Гэта галіна пісьменнасьці дае вельмі багаты і цікавы гістарычны матэр’ял, як да палітычнай так і да звычаёвай гісторыі нашага краю і народу, раскрывае нам круг інтарэсаў і стан асьветы нашага духавенства ў першыя векі хрысьціянства. Па

  1. „Життя святыхъ мучениковь Бориса и Глѣба и службы имъ“ выданы па цэламу раду сьпіскаў і рэдакцій Д. И. Абрамовічам у „Памятники древне-русск. литер, (выд. Акад. Наук) вып. 2 (Петр. 1916 г.) тут сабраны і увесь матэр’ял датычны гэтых сьвятых.