Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

мове, гэта — помнікі царкоўнай пісьменнасьці, а дзеля гэтага ў іх пераважае царкоўна-славяншчына, мяйсцовай, крыўскай рэдакціі. У адных сьпісках крыўскі элемэнт больш значны, ў іншых менш, залежна ад таго, дзе перапісываўся дайшоўшы да нашых часаў экзэмпляр помніка.

Паломніцкая пісьменнасьць. прадстаўлена у нас Данілам паломнікам і Ігнатам Смаленцам. Гэта пісьменнасьць такжа не зьяўляецца паводле мовы народнай, але ў кождым разе значна прыбліжаецца да народнай, асабліва ў аддзельных некатарых сьпісках.

Кронікі і летапісы. Полацкі, Смаленскі і Тураўскі летапісы загінулі. Найстарэйшы летапіс захаваўся з XIV ст. (Абрамкі), які на асноведзі кіява-ноўгародзкага летапісу ўносіць мясцовыя, смаленскія падзеі. Але ўжо гэты летапіс зьяўляючыся сьвецкай пісьменнасьцю, дае мясцамі прыгожую старакрыўскую мову. Далёка лепшую народную старакрыўскую мову даюць т. зв. Літоўскія кронікі. Тут ужо народная мова немаль саўсім ачысьцілася ад баўгарызмаў; лепшую пробку гэтай мовы зьмяшчае т. зв. „Кроніка Быхаўца".

Сьвецкія повесьці. Да найстарэйшых помнікаў гэтай пісьменнасьці належыць „Слова аб палку Ігаравым", якое дайшло да нас у зьлепку, зложаным з некалькіх асобных рыцарскіх песьняў, між якімі выдатнае мейсца займаюць ўплеценыя ў гэту повесьць адрыўкі песьняў аб крыўскіх князёх, як аб Ўсеславе Полацкім і Ізяславе Горадзенскім. Помнікі другіх рыцарскіх повесьцяў дайшлі да нашых часаў толькі ў сьпісках XVI ст., з якіх „Александрыя" безумоўна істнавала ў XV ст., а можа і раней. Усе гэтыя повесьці пісаны старакрыўскай народнай мовай і для нашай пісьменнасьці маюць першараднае значэньне: яны даюць лепшыя прыклады крыўскай кніжнай мовы XV, XVI і XVII ст.

Юрыдычныя помнікі ўсе немаль бяз вынятку пісаны народнай мовай. Да гэтага ліку помнікаў адносяцца граматы, прывілеі і статуты. Большасьць гэтых помнікаў належаць да арыгінальнай нашай пісьменнасьці і выяўляюць сабой вялікай цаны творы народнага генія, а адначасна — бяздонную капальню матэр’ялу для нашых гісторыкаў, моваведаў і прававедаў. Некатарыя з помнікаў гэтай галіны нашае пісьменнасьці маюць агульна-эўропэйскую славу, як, прыкладам, „Статут Вялікага Князства Літоўскага" або як „Мэтрыка В. Кн. Літоўскага", ня маючае прыкладу ў другіх народаў сабраньне дзяржаўных дакумэнтаў, якія ў цэласьці становяць найабшырнейшую ў Эўропе дзяржаўную кроніку.

Кнігі для мусульманаў. Сьвятыя мусульманскія кнігі былі, праўдападобна, ў XV ст. перакладзены на крыўскую мову і запісаны арабскімі літарамі. Дагэтуль адчытана толькі адна такая кніга „Аль-Кітаб", але ёсьць весткі, што гэткіх рукапісаў захавалася некалькі ў Ленінградзкай Публічнай Бібліатэцы, і, адзін ці два, ў музеі ім Ябланоўскіх ў Лейпцыгу. Між Ленінградзкімі рукапісамі маецца Аль-Коран. Гэтыя мусульманскія кнігі перакладзены на народную крыўскую мову і, дзякуючы асобнасьцям арабскай абэцэды, даюць вельмі цэнны матэр’ял для нашых моваведаў. Між іншым, мусульманскія рукапісы паказуюць, што асобнасьці крыўскай мовы „дзэканьне"