Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

Канец Х-га і ХІ-е стагодзьдзе.

Саўсім зразумела, што першыя хрысьціянскія сьвятыні, карысталіся царкоўнымі кнігамі. Нажаль кнігі, царкоўныя і духоўныя захаваныя да нашых часаў, не сягаюць далей канца Х і пачатку XI стагодзьдзяў, дый з гэтага часу ледзь некалькі славянскіх, крыўскай рэдакціі, рукапісаў ведамы нам ў тагочасных тэкстах. Большасьць царкоўнай, адзінай на тыя часы пісьменнасьці загінула ў рэлігійных змаганьнях, частых войнах а найболей — ў часе заняпаду дзяржаўнасьці; многа што з нашага стараветнага багацьця прысвоена чужымі і яшчэ гэтае прысвоеньне ня высьветлена. Адно толькі ведама, што крыўскія культурныя цэннасьці, ў першы чарод — старадаўныя кнігі і рукапісы, паразцяганы немаль па ўсёй Эўропе, а найболей іх трапіла ў маскальскія, ды польскія старасховы. Толькі час і сумленныя досьледы змогуць выказаць запраўдны лік нашых пісьменных помнікаў з Х–XI стагодзьдзяў.

„Шляхам навуковых досьледаў даволі моцна устаноўлена, што хрысьціянства безумоўна істнавала у нас да 988 г., і ня толькі істнавала, але і карысталася ведамым прызнаньнем, у кождым здарэньні мысьлілася, як вера роўная паганству." (М. Н. Сперанскій. „Истор. Древн. Русск. литер." Москва, 1921, бал. 186–187, Падробна аб гэтым глядзі: Макарій „О христіанствѣ на Руси до Владиміра, СПБ. 1868; Голубинскій „Истор. Русск. Церкви, выд. 2, Москва 1901, Т. І; В. Пархоменка „Начало хрыстіанства на Руси“. Полтава, 1913. Аб пачатках хрысьціянства на крыўскіх землях глядзі: Сапуновъ „Рѣка Западная Двина").