Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/314

Гэта старонка не была вычытаная

„МАЛАЯ ПОДОРОЖНАЯ КНИЖИЦА“. Друк Ф. Скарыны ў Вільні 1525 г. У гэтай кніжыцы Скарына зьмесьціў Псалтыр, Часословец, Акаѳисты, Шестодневец, Кароткія сьвятцы і Пасхалію. Псалтыр з „Подорожнай книжицы" быў адціснуты і асобнай кніжкай. У гэтым, так сама як і ў папярэдніх выданьнях, пасьля кождага аддзелу маюцца прыпіскі аб тым, што даную кнігу ці часьць яе перакладаў і друкаваў Ф. Скарына, прыкладам:

„Доконан естъ акаѳїстъ чесному кресту гсдьню, працею и пилностию доктора франциска скорины сполоцка града“.

Безумоўна, найвялікшай постацьцю гісторыі нашай пісьменнасьці зьяўляецца Доктар Франціш (Франціск) Скарына; першы чалавек з вучоным тытулам доктара на ўсходзе.

Родам ён быў „з слаўнага места Полацка“, са старой калыбкі крыўскай культуры, дзе яшчэ ў ХІІ стагодзьдзі пісаліся і перапісываліся кнігі, а пазьней істнавалі, „лаціна-грэцка-рускія“ школы, і, ўрэшце, ад 1580 году Акадэмія.

Скарына называе сябе ў сваіх кнігах, „русіном“, „рускім“: „нароженый въ рускомъ языку“ (ў прадмове да кніг Даніэля), сваю дзейнасьць пасьвячае „своей братии Руси“, сваю Біблію называе: „Бивлія руска выложена докторомъ Франциском Скориною… богу ко чти и людем посполитым к доброму научению“. Гэта усё пакаузе, што Скарына абычаем таго часу, не аддзяляў народнасьці ад веравызнаньня. Для ўсіх яго сучасьнікаў „руская вера“ была адначасна „руским языком“ і процістаўлялася шыранай у тыя часы Ягельлёнамі „нямецкай“, або „ляцкай“ веры і штораз больш наплываўшаму ў край „ляцкому языку“.

Франціш Скарына дае ў рукі народу „працею і стараньем“ сваім, Біблію на мове таго народу, з якога сам выйшаў: „иже мя милостивы Бог съ того языка на свет пустил“ (ў прадмове да Псалтыра).

Нажаль гэтага эпохіяльнага мужа не спрамагліся ацаніць яго сучасьнікі. Духавенства сьлепа трымалася „сьвятой“ царкоўнай славяншчыны і з падозрывасьцю глядзела на вялікага значэньня націянальную дзейнасьць Скарыны, ня менш воража адносілася да скарынаўскіх пачынаньняў і лацінскае духавенства. Словам праца Скарыны не была сустрэчана прыхільна між сваімі.

З дайшоўшых да нашых часаў актаў можна бачыць, што сямья Скарынаў прыналежала да заможных Полацкіх мяшчан-купцоў. Радзіўся Скарына каля 1485 году і быў хрышчоны імем Юрья (Георгій). Пачатковую асьвету атрымаў ён дома, пад бацькаўскім вокам і паводле старасьвецкіх традыцій свайго народу. Вучыўся мабыць на Псалтыру, які паводле яго слоў: „детем малым початок всякое доброе науки“.

Кончыўшы школы ў сваім родным крывічанскім Полацку, здольны хлапец рваўся да вышэйшых навук. Бацька яго, Лукаш, паслаў яго ў кракаўскі унівэрсытэт. Тагочасны Кракаў меў значную крыўскую калёнію, бо пасля жанідзьбы Ягайлы с польскай каралеўнай Ядвігай, найчасьцей Вялікі Князь Літоўска-Рускі (Крыўскі) быў адначасна і каралёмъ Польскім, а знача, мусіў пражываць і ў Кракаве, а пражываючы там, меў сталую канцэлярыю для