Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/315

Гэта старонка не была вычытаная

спраў В. Кн. Літоўскага з выдатнейшых літоўскіх і крыўскіх дзеячоў. У самым Кракаве была ў тыя часы „руская“ царква.

У 1504 годзе, заплаціўшы 2 грошы ўступнога, запісаўся Скарына студэнтам на філёзофскі факультэт. У універсытэцкія кнігі запісалі Юрыя Лукашавіча Скарыну на лацінскі лад: Franciscus Luce de Polecko, прыданым яму імем Франціш, а ня Юры. Сярод тагочасных кракаўскіх прафэсараў быў выдатны вучоны Ян Глоговчык (1507), які раней (1490–1492) быў вучыцелям у князя Івана Гашталда ў Вільні. Аб гэтым Глоговчыку гісторык Сымон Старавольскі перадае, што ён перакладаў Біблію на „рускую“ мову, гэта знача, — на мову, якой гаварылі і пісалі ў В. Кн. Літоўскім. Мабыць гэты Глоговчык выклікаў у Скарыны любоў да кнігі і накланіў яго да працы над перакладам Бібліі на агульна зразумелую мову.

У 1506 годзе Скарына атрымаў на філёзофскім факультэце кракаўскага Унівэрсытэту вучоную ступеню бакаляра. Але, акром філёзофіі, Скарыну цікавілі богаслоўе і мэдыцына. Мэдычнага факультэту ў Кракаве ня было, і Скарына павінен быў шукаць гэтай веды ў другіх унівэрсытэтах на заходзе Эўропы. Шэсьць гадоў ён недзе вучыўся, але дзе, дагэтуль невядома. Есьць пашлякі, што быў на Пражскім унівэрсытэце, што бываў у нямецкіх гарадох. За гэтыя шесьць гадоў ён здабывае сабе яшчэ адну вучоную ступеню доктара.

У лістападзе 1512 году прыбыў Скарына ў Італію, ў горад Падую, які славіўся на ўвесь сьвет у тыя часы сваім мэдычным факультэтам. Прыбыўшы ў Падую Скарына стануў перад віцэ-прыорам доктарам Тадэушам Мусаті, які ацаніў здольнасьці Скарыны і заапекаваўся ім. У гэтым часе Скарына быў у вялікім недастатку, бо бацька яго, Лукаш, памер, і малады вучоны ня меў чым заплаціць нават за доктарскі экзамен. Памог яму ў трудным палажэньні доктар Мусаті.

Таго-ж 1512 году, 5 лістапада, на 5-ю гадзіну па палудні, склікаў выцэ-прыор Др. Мусаті паседжаньне мэдычнага факультэту ў касьцеле Сьв. Урбана. На паседжаньні Мусаті спавесьціў, што з дужа далёкіх краёў прыбыў у Падую нязвычайна вучоны, але бедны маладзён, які ўжо мае ступеню