Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/316

Гэта старонка не была вычытаная

доктара навук (eximus artium doctor Franciscus gn. Domini Lucae Scorina de Polocko Ruthenus) і просіць пазволіць яму экзаменавацца бязплатна (de gratia speciali ad amore Dei). Пасьля прамовы прыора на паседжаньне быў пакліканы сам Скарына, і ён сам асабіста горача прасіў прафэсароў пазволіць яму бязплатна (amore Dei) трымаць экзамeны на доктара мэдыцыны. Паседжаньне вырашыла справу ў карысьць Скарыны.

У суботу, 6 лістапада, ў тым-жа касьцелі пачаліся ўступныя экзамены Скарыны перад 14 прафэсарамі мэдычнага факултэту. Гэтыя экзамены вытрымаў Скарына сьветна і аднагалосна быў дапушчаны да доктарскіх экзаменаў. 9-га лістапада, ў аўторак, сабралася ўся мэдычная калегія падуанскага унівэрсытэту ў біскупскі палац, у ліку 24 асоб, і, пад прадседацельствам вікарнага біскупа П. Забарэльлі, пачаліся выспыты Скарыны. Усе прафэсары задавалі яму пытаньні, ўсім Скарына адпавядаў надзвычай разумна і сьветла бараніў свае думкі. Ўрэшце Скарына аднагалосна быў прызнаны годным ступені доктара мэдыцыны і гэту годнасьць атрымаў з рук прафэсара Бартламея Борызоні. З гэтага часу Скарына да свайго подпісу зазвычай дадае: „в наукахъ вызволеныхъ и в лекарствахъ докторъ“, або: „в лекарскихъ наукахъ докторъ“.

Дабыўшы вышэйшыя навуковыя ступені, Ф. Скарына вярнуўся на бацькаўшчыну; тут ён пазнаёміўся з тагочаснымі краёвымі грамадзкімі дзеячамі і братчыкамі, пабываў у Вільні, тагочаснай сталіцы В. Кн. Літоўскага, пераняўся мясцовымі злыбедамі і пастанавіў пасьвяціць сябе прасьветнай працы. У той час у нас вельмі адчуваўся недахват поўнай Бібліі, так патрэбнай для царкоўнага і дамовага чытаньня. Тое, што было перакладзена, не станавіла поўнасьці і траплялася ў злых паперакручаных сьпісках і то найчасьцей у чужой, малазразумелай баўгарскай, царкоўнай мове. І Скарына задумаў перакласьці ўсю Біблію і выдрукаваць яе. Гэта на тыя часы быў вельмі сьмелы крок, бо славянскія народы толькі што яшчэ знаёміліся з друкарскай справай.

Дзеля таго, што ў родным яго Полацку ня было спрыяйных варункаў, а ў Кракаве, дзе ён атрымаў вышэйшую асьвету, друкаваньне славянскіх кніг, распачатае Фіолям у 1491 годзе, было спынена дзякуючы цемнаце і фанатызму тамтэйшага духавенства, то Скарына, сабраўшы патрэбныя старыя рукапісы, паехаў у Прагу („старое место Пражское“). Прага маніла да сябе Скарыну таму, што там, у тыя часы, была поўная рэлігійная свабода, і ён спадзяваўся, што яго ня сустрэне доля Фіоля.

Асеўшы ў Празе, Скарына сарганізаваў друкарню і ўзасобіў яе літарамі, зробленымі паводле рысунку тых старых рукапісаў, якія вывез з роднага краю. Скарынаўскія літары адтвараюць лепшыя пробкі стара-крыўскага — Полацка—Смаленска—Тураўскага — кірылаўскага пісьма, выстылізаванага ў цэнтрах крыўскай асьветы. Прыгатаваўшы ўсё патрэбнае да друкарні, Скарына ў 1516–17 г.г. прыступіў да друкаваньня сваіх кніг, пад агульным агалоўкам: „Бивлія руска выложена докторомъ Францискомъ Скориною из славнаго града Полоцька богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению“.