Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/320

Гэта старонка не была вычытаная

пабываў у Вітэнбэрзе, дзе тады выступаў Лютар супроць папежа. Каталікі з гэтай прычыны абвінавацілі Скарыну што ён мае стасункі з Лютарам. Скарыну арэштавалі пад імем „Франціша с Польшчы“ і засудзілі на спаленьне. Скарына здолеў апраўдацца і вярнуўся ў Вільню, але заарэштаваныя інквізыціяй кнігі былі сканфіскаваны і праўдападобна спалены.

У Вільні наладжывае сваю друкарню Скарына ў доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча. Дом гэты, паводле мяйсцовай традыціі, знаходзіўся недалёка ад ратушы, каля „Інбараў“, але ў каторым з істнуючых тут дагэтуль старасьвецкіх дамоў памяшчалася друкарня Скарыны, напэўна невядома. У Вільні, каля 1529 году, Скарына ажаніўся з Магарэтай (Маргарытай) ўдавой на Юр’ю Адзьверніку, які быў віленскім дамаўласьнікам. Жонка прынясла ў пасазе Скарыне ўласны дом у Вільні, аб якім таксама няведама, дзе ён быў.

У Вільні, каля 1525 году, выдае ён „Апостол“ і каля таго-ж часу „Малую подорожную книжицу“. Але скарынаўская друкарня ў Вільні не працуе так энергічна, як у Празе: пасьля выпуску гэтых двох кніжак, невядома яшчэ дагэтуль, ці было што ў яго друкарні тут надрукавана. Магчыма, што па надрукаваньні Бібліі, Скарына заняўся падгатоўкай новых рукапісаў да сваей друкарні, і гэтым тлумачыцца перарыў у яго працы. Але, вось, у 1530 годзе вялікі пажар зьнішчыў дзьве трэцьція часьці Вільні, і ў гэтым пажары была зьнішчана скарынаўская друкарня, а, магчыма, — разам надрукаваныя і не распрададзеныя яшчэ кнігі і прыгатаваныя да друку рукапісы.

Год сьмерці Скарыны невядомы, але яшчэ ў 1535 годзе ён жыў.

Сьв. пісаньне ён друкаваў, па магчымасьці, на зразумелай для народу мове. Ён не адважаецца яшчэ перайсьці на чыста народную гутарку, ў мове яго яшчэ многа баўгарызмаў у слоўніцтве і ў формах, але усё-ж такі ў аснову паложана народная крыўская (беларуская) мова з тымі асобнасьцямі, якія характэрызуюць старакрыўскую літэратурную мову. Часьцю гэта быў консэрватызм самога Скарыны, а часьцю прымушалі яго да гэтага аб’ектыўныя варункі: народная мова тады яшчэ ня была вывучана. Скарына і так зрабіў больш, чым можна было: ён унёс у сваю Біблію многа чыста народных слоў. Падходзячы, на сколькі пазваляў тагочасны стан моваведаньня, да народнай мовы, ён і так перарос сваё грамадзянства на цэлае стагодзьдзе.

Біблія Скарыны была другой друкаванай Бібліяй (пасьля чэскай) ў славянскіх мовах і на дзесяткі гадоў папярэдзіла пераклад Бібліі на маскоўскую і польскую мову.

Выданьні Скарыны вызначаюцца яшчэ мастацкай стараной. Новыя аддзелы яго кніг і агалоўкі аздоблены рысункамі і асобнымі прыгожымі літарамі ў рамках ды застаўкамі. Кнігі маюць дрэварыты, якія, акром прыданьня аздобнасьці кнігам, кіруюцца яшчэ мэтаю, паводле слоў самога Скарыны: „абы люди посполитыя, чтучи могли лепей разумети“. Аб рысунках Скарыны, расійскі бібліограф Стасаў кажа: „ў Апостале загалоўныя літары, гэрб Скарыны і манаграма з літарай Т выкананы так дасканальна, з гэткім дзіўным смакам, што перавышаюць ўсё вырытае ў падобным выглядзе ў Бібліі“. А гэты Апостал друкаваўся ўжо ў Вільні. Пад крыптонімам Т скрываецца адзін са спатужнікау Скарыны, хтокольвечы з крыўскіх тагочасных мастакоў.