Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/322

Гэта старонка не была вычытаная

Адначасна з Астрожскай друкарняй была ў Вільні адкрыта ў 1580 годзе друкарня Мамонічаў, у друках якой відаць сільныя скарынаўскія ўплывы.

Яшчэ большыя скарынаўскія ўплывы відаць на друках выданых у Еўю (каля Вільні). Евейская друкарня пачала працаваць ў 1611 годзе.

У самым пачатку ХVІІ ст. была адкрыта друкарня ў Дерманскім манастыры (Валыншчына). Шрыфт прыгатаваны нарочна для гэтай друкарні, але пад уплывам Астрожскай Бібліі і Евангельля Цяпінскага.

Другая валынская друкарня ў Угорцах, пачынае працаваць, магчыма, з 1611 году. Шрыфт і застаўкі выказуюць скарынаўскі ўплыў.

У Галічыне ў дварэ Страціна, каля 1604 году, адкрыў друкарню Балабан; на застаўках і рысунках відаць уплыў віленскіх і львоўскіх друкарань.

У 1617 годзе паяўляецца друкарня ў Кіяве; мяркуючы паводле літар і рысункаў сюды была перанесена друкарня Балабанаў са Страціна.

У 1628 годзе, працуе ў Кіяве магілеўскі мяшчанін Сьпірыдон Собаль. У 1630 годзе пераязджае ён са сваей друкарняй у Кутэйнскі манастыр, а ў 1635 годзе засновывае новую друкарню ў Буйневіцкім манастыры (абодвы манастыры каля Магілева). Кутэйнская друкарня ў 1655 годзе, ў часе акупаціі Масковіяй краю, была разам з манахамі вывезена ў Іверскі Манастыр (каля Ноўгарада), дзе выдана было кутэйнскімі манахамі некалькі кніг, гэткім чынам скарынаўскія ўплывы сягнулі праз Магілеў аж ў зямлю Вялікага Ноўгараду.

С павыжшага агляду мы бачым, што ўплыў Ф. Скарыны абыймаў ўсю усходную славяншчыну. Пад уплывам Скарыны і яго друкаў засновуецца друкарня сьпярша ў Несьвіжы, згэтуль перадаецца ў Маскву, але не прынятае, дзякуючы цемнаце, друкарства з Масквы вяртаецца назад у Крыўскія землі і абасновуецца яно ў Заблудаве. З Заблудава ідзе на Львоў і Астрог, Дэрмань, Угорцы, Страціна, Кіяў. На пару гадоў пазьней Заблудоўскай працуе друкарня Цяпінскага, а адначасна з Львоўскай працуе Віленская друкарня Мсціслаўца, пазьней Мамонічаў, урэшце Евейская, Кутэйнская, Буйневіцкая, Магілеўская і др.

Акром таго друкаваныя выданьні Скарыны перапісываліся. Захавалася некалькі рукапісаў, якія маглі быць перапісаны з друкаў Скарыны; ў некатарых з іх захаваліся і кнігі Бібліі, якія былі надрукаваны Скарынам, але затраціліся. Адны с такіх рукапісаў даслоўна перадаюць скарынаўскія друкі, з утрыманьнем прадмоў і імя Скарыны, а другія сьпіскі маюць зьменены правопіс а такжа заменена імя яго другім, прыкладам у Галіцкім (Яраслаўскім) сьпіску 1568 году чытаем прыпіску: „протожъ я василій жугаев снь зь ярославля. В лѣкарскых наоуках докторь… казал есми списати книгоу стго іова рускым языком. б(г)у къ чти и людем посполитым къ наоученію“. Замест скарынаўскага правопісма тут модны тагочасны баўгарскі. З рукапісаў скарынаўскага перакладу з лішнімі (раўняючы з дахаваўшыміся друкаванымі экзэмплярамі) кнігамі трэба адзначыць біблійныя кнігі 1575 г. Львоўскага Сьвята-Ануфрэеўскага Манастыра (паходзяць з Зенкава — Падольшчына). Прадоўжаньнем гэтага апошняга рукапісу, зьяўляецца рукапіс Лукі Тарнопальскага 1596 г. Калі разгледзіць лішнія кнігі гэтых рукапісаў са стараны мовы,