Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/338

Гэта старонка не была вычытаная

Прыклад мовы (раздзел ХІ, артыкул 13):

„Неволници маютъ быти четверакихъ причинъ: первое которые здавна въ неволи суть або зъ невольных ся родятъ; другое, которые полономъ заведены суть изъ земли непріятельское; третье, колибы на смерть сказаны кому, окромъ злодейства, а оные бы просили того кому сказаны, же бы ихъ не губилъ, а давалибы ся въ неволю, а онъ бы ихъ не губилъ, таковые въ неволю даны мають быти и дѣти ихъ, которые ся будутъ потомъ родити; четвертое, колибы ся сами въ неволю поддали въ тотъ обычай, ижъ хтобъ ведаючы жонку неволную, хотя человѣкъ волный, ее понялъ, тогды и самъ въ неволю поддается и дъти ихъ“.

У аснову першага Статуту паложана як абычаёвае так і пісанае тагочаснае права. С пісанага права былі выкарыстаны правадаўчыя граматы, акты і прывілеі в. князёў літоўскіх, ухвалы соймаў, „Руская Правда“ і Вісьліцкі Статут. Статут 1529 году мае 13 разьдзелаў, па 12–37 артыкулаў у кождым, усяго 282 артыкулы.

У 1-м артыкуле перш за ўсё гаворыцца каб ніхто ня быў караны па завочнаму абвінавачаньню (даносу) і каб усе падданыя в. кн. Літоўскага, бяз рожніцы стану і заможнасьці, судзіліся адным судом; пасьля ідуць пастановы аб асобах, якія здрадзяць дзяржаву і аб іх маетнасьці; другі раздзел завірае ў сабе правы аб земскай абароне: трэці — аб правох шляхты; чацьверты — аб сямейным праве; тут між іншым гаворыцца аб спадках, разводзе, аб выхадзе замуж дзяўчыны без пазваленьня бацькоў г. п.; у пятым разьдзеле падробна вылажана права аб апецы; ў шостым — гаворыцца аб судох; у сёмым — аб гвалтах; у восьмым і дзевятым раздзеле гаворыцца аб гранічным праве; ў дзесятым — аб маетнасьцях, якія ў даўгох і заставах; у адзінадцатым — гаворыцца аб плаце за забойства простых людзей і за раны прычыненыя ім; тут-жа гаворыцца аб нявольніках; дванадцаты і трынадцаты раздзелы пасьвячаны праву аб зладзействах.

Пазьней гэты Статут быў папраўляны і дапаўняны ў 1566 і ў 1588 годзе.

АПОСТАЛ рукапісны 1530 году. Пераховуецца ў сабраньні Тихонравова, Рум. Муз. № 371. Правопіс ў гэтай кнізе з юсамі, магчыма, што то ёсьць чыйколечы, паралельны скарынаўскаму, пераклад.

ЛІСТ СУПРАСЛЬСКАГА АРХІМАНДРЫТА СЕРГІЯ КІМБАРА ДА КІЯЎСКАГА МІТРАПАЛІТА МАКАРА ІІ. Рукапіс ХVI стаг. (каля 1536), бібліатэкі Тэрноўскага. Надрукаваны ў Архіве Ю.-З. Р. ч. І, т. VIІ.

У гэтым лісьце маецца такое характэрнае мейсца:

И на св. Пасху… мяса і хлябы ў царквох пасьвячаюць, і ўнутр самога аўтара некатарыя і мяса і сыры і хлябы, і овачы ўсякія, і медавіну, і „оловину“ (?) ўносяць, і жывёлы, статак у асьвячоныя храмы часам ўпушчаюць. А гэта крэпка ў сьвятых правілах адсуджана і забаронена…, а па тутэйшаму звычаю аб гэтым ня думаюць, ані таго ведаюць і хочуць ведаць… і далей: — каб я дзіўныя і страшныя іншыя ўсе звычаі тутэйшыя вашай мітраполічай міласьці меў пісаць, трэба было-бы мне, паводле апостала, годаў на гэта.