Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/388

Гэта старонка не была вычытаная

надгробнай шырыноўскай капліцы, між выкінутымі з яе кнігамі; пераховываўся ў ксяндза І. Мачульскага ў Гэрманавічах.

Кніга цікава для мяйсцовай гісторыі. Перад сьпісаньнем цудаў, на 38 лістох, маецца вельмі цёплае апісаньне аб заснаўцы манастыра, які праўдападобна быў і аўторам амаўлянага абраза. У апісаньні гаворыцца аб заснаўцы, што ён быў знатнага нямецкага роду і „хитр бѣ вельми иконному писанию“. З гэтага-ж апісаньня відаць, што цяперашняе мястэчка Гэрманавічы калісь мела назову „Старае сяло“. Калі быў зьнесены Старасельскі манастыр невядома, але дрэўляная царкоўка стаяла на беразе р. Дзісенкі яшчэ ў канцы ХVІІІ ст., пазьней, паводле традыціі, каля 1830-х г., яна была разабрана. У 1890-х гадох было яшчэ з левай стараны ад перавозу, на левым прытным беразе Дзісенкі, не разаранае „царковішча“. Праўдападобна з гэтай крыніцы, са збуранай царквы, ў шырыноўскай палацовай бібліатэцы (ў Старым Дварэ) было больш дзесятка кірылаўскіх кніг і рукапісаў, якія я бачыў у 1907 годзе.

На адваротнай балоне агалоўнага ліста „Сказаньняў“ памешчана добрай работы міньятюра, выабражаючая цудоўную ікону Маці Божай. Маці Божа сядзіць на пасадзе, абапал пасаду, роўным радам арханелы ў зброі; дзіця Хрыстос стаіць трымаючыся левай рукой за руку Маці, а правай благаслаўляе. У у левым вугле іконы сядзіць на камені мужчына, скланіўшы галаву на руку; ў правым — жанчына ў багатай шаце, са шнурком пэрал на шыі. Каля ступеняў пасаду ляжыць крывавячае сэрца, ў канцы крывавых пацёкаў ад сэрца вырастае сем хваравітых ліліяк.

„СКАЗАНЬЕ О ВЕЛИКОДНИ“. Сшыток пісаны крыўскім скорапісмам, датаваны 1538 годам, ў чацьверку, 16 лістоў. Знаходзіўся ў Старадворскай Шырыноўскай бібліатэцы, каля Гэрманавіч, Дзісенскага павету.

У „Сказаньні“ апавядаецца, што калі Хрыстос ўваскрос, то а шостай гадзіне ўзышло сонца і стаяла на ўсходзе на адным мейсцы тры дні, пасьля стаяла тры дні на поўдні і ўрэшце два дні на захадзе; на восьмы дзень яно зайшло. Згэтуль пайшла назова сьвята ўваскрэсеньня Хрыстова „Вялікдзень“, якое залецаецца сьвяткаваць цэлы тыдзень да Праводнай Нядзелі, каторая лічыцца восьмым днём „Вялікадня“.

„ПОВЕСТЬ О ВИТЯЗЯХ С КНИГЪ СЭРБЪСКИХ, А ЗВЛАЩА О СЛАВНОМЪ РИЦЭРИ ТРИСЧАН(Е), О АНЦАЛОТЕ И О БОВЕ И ИНШИХЪ МНОГИХ ВИТЕЗЕХЪ ДОБРЫ(ХЪ)“. Рукапіс ХVI ст. бібліатэкі Рачынскіх у Пазнані; повесьць займае ў зборніку 1–127 балон. С кніг сэрбскіх перакладзены толькі дзьве повесьці: аб Трыстане і аб Бове; Анцалот і іншыя рыцары толькі другарадныя героі гэтых повесьцяў: (Карскій, „Бѣлоруссы“, т. ІІІ. бб. 77–80),

Зьмест повесьці аб Трыстане ўзяты з вельмі пашыранай у Эўропе сярэднявекавай пагудкі аб каханьні Трыстана і Ізольды (Іжота нашай повесьці). Пасьля некалькіх уступных артыкулаў, у якіх апавядаецца аб яго паходжаньні і радні, аўтор пачынае апавядаць „чудные дѣла и доброе витэзъство и цудные рѣчи“ гэтага рыцара. Трыстан выступае на турнірах, перамагае сустрэча-