Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

ХІI стагодзьдзе.

ПОЛАЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІІ СТ., пісанае на пэргаміне; пераховуецца ў Румянцаўскім музэі ў Маскве (па каталёгу Востокова № 103). У Евангельле ўпісана наданьне Вялікага Князя Полацкага Андрэя.

„СТРАННИКЪ БОГОМЪ ПОЧИНАЕМЪ“ (Падарожа ігумена Данілы ў Іерузалім). Сьпісак канца ХVІІ ст. знаходзіцца ў зборніку, разам з Псалтыром пісаным крыўскай (беларускай) мовай, пераховуецца ў Румянцаўскім музэі. Другі сьпісак агалоўлены: „Житіе и хожденіе Данійла Рускія земли Игумена“, знаходзіцца ў Петр. Публ. Бібліатэцы. На рукапісе маецца надпіс: — ех museo Petri Dubrowsky. Трэцьці сьпісак ХVІ ст. знаходзіцца ў бібліатэцы Красінскіх, у Варшаве.

Ігумен Даніла адбываў падарожу ў Палестыну ў той час, калі крыжовые паходы адкрылі свабодны ўход у сьвятыя мейсцы.

Хто быў Ігумен Даніла і зкуль ён быў родам, — дагэуль яшчэ акуратна не ўстаноўлена. Апіраючыся на Данілавым параўнаньні Іордану з ракой Сновай, працякаючай ў крыўскай часьці Чарнігаўшчыны (праз Новазыбкаўскі і Гарадоцкі паветы), рабілі вывады, што ён быў ураджэнцам Чарнігаўшчыны. Час яго падарожы ў Палестыну ўстанаўляецца апавяданьнем Данілы аб тым, як ён быў у паходзе разам з каралём Бальдуінам Іерузалімскім. Кароль Бальдуін І выступіў у паход на Дамасак ў 1115 годзе. Акром гэтага Даніла кажа, што ён памінаў многіх „рускіх“ князёў пры гробе Хрыстовым, у ліку гэтых князёў называе: Глеба кн. Менскага, Давыда Ўсеславіча і Барыса Ўсеславіча; ўсе тры князі — сыны слаўнага полацкага князя-чараўніка Усеслава.

Хоць падарожаньне Данілы дайшло да нас у рожных сьпісках (найстарэйшы ХV ст.), але мова, якой напісана яно, ў некатарых сьпісках, падобна да мовы Смаленска-Полацкіх умоў з Немцамі. Гэныя данныя паказуюць, што Даніла паходзіў з абшараў полацка-крыўскіх зямель, а падарожу сваю адбываў у першай чверці ХІІ стагодзьдзя.