Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/410

Гэта старонка не была вычытаная

działy na partykularnym, to jest pomiastnym synodzie w Brešciu Litewskim“. „Ектесисъ“ — полемічны твор са стараны праваслаўных, пісаны старакрыўскай мовай.

ПСАЛТЫР, без азначаньня мейсца і году друкаваньня. Ундольскі памяшчае пад 1597–1598 г. Літары буйныя і прыгожыя, с чырвонымі пунктамі, ў 4-ку.

„ИСТОРІА О ЛИСТРИКІЙСКОМЪ, то есть, о разбойническомъ, ферарскомъ або флоренскомъ синодѣ, вкротцѣ правдиве списана“. Надрукавана Клірыкам Астрожскім ў 1598 годзе. (Экзэмпляр у Петр. Пуб. бібл.). У гэтай кніжцы асаблівы націск паложаны на вынікі Флорэнтыцкага Сабору, даволі фантастычнага характару.

„ОТПИСЪ на листъ въ Бозѣ велебного, отца Ипатіа, Володимерского и берестейского епископа, до ясне освецоного княжати Костентина Острозского, воеводы киевского. — Клирика Острожского 1598“.

Адны думаюць, што пад псэўданімам „Клирикъ Острожскі“ крыецца Кірыла Лукарыс, вучыцель сьпярша ў Віленскай грэка-лаціна-рускай школе, пры Троіцкім манастыры, а пазьней ў Астрожскай школе. Іншыя зноў думаюць, што гэта ёсьць псэўданім маладога Мелеція Сматрыцкага, але найбольш праўдападобна, што гэта пеэўданім Васіля Суражскага.

Васіль Суражскі, родам з маетнасьці Суража, каля Вітабска, запісанай Астрожскім віленскаму Сьвятатроецкаму манастыру. Калі радзіўся і памёр — не вядома. Ён зьяўляецца аўторам астрожскага зборніка „О вѣрѣ единой“ (Астрог, 1588 — 8-ку, 6, 240, 70, 24, 3 л.).

Васіль Суражскі нязвычайна асьвечаны і здольны чалавек. Свае пісаньні ён перасыпаў цытатамі з усходных і заходных богасловаў. Аб строгасьці праваслаўных засад гаворыць тое, што праваслаўныя догмацісты да найнавейшых часаў зьбівалі, яго словамі і аргумантамі, навуку рыма-каталіцкай царквы аб паходжаньні сьв. Духа.

Пасьля друкара Івана Федаровіча, Васіль Суражскі кіраваў Астрожскай друкарняй да 1588 г. Пісаў прадмовы да некатарых астрожскіх выданьняў, зазначаючы сваю працу „як многагрэшны і худшы ў хрысьціянах убогі Васілі“.

Васіль Суражскі ўжываў часам псэўдоніму „Клирик острожски“. Пад гэтым псэўданімам ён выдаў у Астразе вышэй згаданы „Отписъ“.

Гэты отпіс быў на ліст, пісаны князю К. Астрожскаму Іп. Поцеем у чэрвені 1598 году. Поцей, даводзіў, у сваім лісьце, што унія між грэкамі і рымлянамі ня новасьць, паказываў, што на некатарых грэцкіх астравах грэкі прабываюць у еднасьці з Рымам і адпраўляюць разам богаслужэньні, і, ўрэшце, раіў князю неадкладаючы прыступіць да уніі.