Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/417

Гэта старонка не была вычытаная

і ХVIII ст. крыецца такжа і ў тым, што Скарга, апрацовуючы першы раз па польску „Żywoty Swiętych“, карыстаўся такжа даўнейшымі крыўскімі, шырока ўсім вядомымі, рукапісамі. У кождым здарэньні маецца некалькі незалежных перакладаў і перапрацовак гэтых жыцьцёпісаў сьвятых.

І. Старэйшым с перакладаў зьяўляецца зборнік М. Публ. і Рум. муз. № 159, які адносіцца да ХVІ ст. У гэтым зборніку, акром таго, што маецца ў арыгінале Скаргі, памешчаны яшчэ: 1) жыцьцёпіс прарока Даніэля і трох маладзікоў, 2) справядлівага Іова, 3) прарока Ильі, 4) 40 мучанікаў, 5) Аляксея чалавека божага, 6) сямі маладзікоў у Эфэсе і др. Мова прыгожая, чыстая.

II. Рукапіс ХVІІ ст. Пераховуецца ў Маск. Сынод. бібл. № 752. У зборніку, тоўпячым Чэцью-Мінэю на месяц верасень-жнівень, побач з жыцьцёпісамі сьвятых П. Скаргі, памешчаны і такія жыцьцёпісы сьвятых, каторыя ўзяты са стара-крыўскіх арыгіналаў; прыкладам жыцьцёпіс Барыса і Глеба с царкоўна-славянізмамі, ўзяты з арыгіналу падобнага Чэцьі 1489 г. Тутжа ёсьць: „приклады святых отецъ от патерика“. Мова зборніка старакрыўская з украінізмамі, відаць с крыўскага арыгіналу перапісываў украінец.

III. Рукапіс ХVІ ст. Магілеўскай Духоўнай Сэмінарыі, № А. 2107/18. Гэты пераклад Żywotòw Скаргі, здаецца, зроблены ў Магілеве. У рукапісе, побач Скаргаўскіх жыцьцёпісаў сьвятых, маюцца жыцьцёпісы ўзятыя і з другіх крыніц. Мова перакладу перапоўнена крыўскімі народнымі асобнасьцямі.

ІV. Рукапіс Віл. Публ. бібл. № 81. Гэты рукапіс вельмі блізкі да польскага арыгіналу і, магчыма, апрацаваны для ўжытку каталіком.

V. Рукапіс Віл. Публ. бібл. 1669 г. сьпісаны ігуменам Кутэйнскага манастыра „Іовом Молочко“, дзе між жыцьцёпісамі сьвятых Скаргі, маюцца і другія артыкулы. Рукапіс дагэтуль чакае свайго дасьледчыка.

ВІЛЕНСКІ ПАМЯННІК. Гэты памяннік прыналежаў Прачысьценскай царкве ў Вільні, пабудаванай Альгердам. У ім запісаны даты сьмерці першай і другой жон Альгерда: „Великая кн. Марія Ярославна усопше на память преподобного Иларіона“ (Ondyna Druskienickich zródeł, 1844, 14). Дзе цяпер знаходзіцца гэты рукапіс — невядома.

ПОЛАЦКІ ПАМЯННІК. Рукапіс гэтага надзвычайна цікавага памянніка бачыў я ў 1912 годзе, ў Барысаглебскім манастыры. Памяннік пачынаўся памінаньнем роду в. кн. Полацкіх, а ніжэй паміналіся роды кн. Менскіх-Глебавічаў, Лагойскіх, Вітабскіх, Друцкіх і інш. Кніга абыймала злішнім сто пэргаміновых лістоў, без канца; мела маляваныя па золаце застаўкі, здаецца, па пісму, адносілася да ХV–ХVІ ст. Пераховывалася ў цёплай царкве, ў скрынцы з рожнымі старымі паперамі. Добра разгледзіць гэты памяннік не дала мне ігуменьня, быўшая прыдворная дама, нават пратэкція не памагла, казала, што яна мае перадаць памяннік нейкаму в. князю.

СЛУЦКІ ПАМЯННІК. Захавалася некалькі экзэмпляраў гэтага памянніка. Старэйшы з 1517 г. пераховываецца ў Беларускім музэі ім. Івана Луцкевіча ў Вільні; адзін экзэмпляр быў у Менскім царкоўна-архэолёгічным