Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

Руси“. Выбары Кліма ў мітрапаліты прынясьлі яму многа непрыемнасьцяў ад духавенства і некатарых князёў, якія лічылі, што мітрапаліт можа быць стаўлены толькі канстантынопальскім патрыархам.

Клім Смаленец належаў да пладавітых пісьменнікаў, але з яго прац да нашых часаў дайшоў толькі адзін ліст, які ён пісаў да свайго прыяцеля прэзбітара Тома: „Посланіе написано Климентомъ Митрополитомъ русскимъ Ѳомѣ, пресвитеру смоленскому, истолковано Аѳанасіемъ мнихомъ“. З гэтага агалоўку відаць, што ліст гэты дапоўнены нейкім мніхам Атанасам. Такім чынам, пасланьне гэтае не ва ўсіх сваіх часьцях прыналежыць пяру самога Кліма. Не глядзя на гэта, пасланьне раскрывае нам сьветаглад і інтэрасы тагочаснага асьвечанага смаленскага грамадзянства. Аказуецца, што Клім і яго пасьледаўнікі, прыкладам лепшых тагочасных візантыцкіх стылістаў, дапускалі алегорычнае тлумачэньне сьв. Пісаньня, апіраючыся ў сваіх тлумачэньнях на творы Гомэра, Плятона, Арыстотэля. Іншага кірунку быў нехта Грыгоры, такжа „кніжнік“ Смаленскі, які прытрымліваўся літары сьв. Пісаньня. Абедзьве стараны, якія вялі спрэчку, чыталі названых вышэй грэцкіх філёзафаў у арыгінале.

Прычына, якая паслужыла да напісаньня гэтага слова, была ў тым, што Смаленскі князь Расьціслаў адмовіўся прызнаць Кліма мітрапалітам, лічучы яго выбары, паміма канстантынопальскага патрыарха, няпраўнымі. Каб прымірыць з сабой Расьціслава, Клім паслаў яму недайшоўшы да нашых часаў ліст, у якім зачапіў прэзбітара Тома. Пакрыўджаны Том напісаў Кліму дакорлівае пасланьне. Адповедзю на пасланьне Тома і зьяўляецца дайшоўшае да нашых часаў пасланьне Кліма.

Пасланьне гэтае складаецца з дзьвех часьцей. Першая часьць тоўпіць адповедзь Кліма на закіды Тома. Том пісаў, што мітрапаліт Клім у сваім лісьце да Расьціслава „славя себя и творася философомъ“, пісаў не на аснове пісаньняў сьв. айцоў, а ад „Омира“ (Гомэра), Арыстотэля і Плятона. Клім пярэчыць закідам Тома. Ён кажа, што, папершае, ня шукае сьвецкай славы, пагарджае багацьцем і заняты аднэй толькі думкай аб пасьмертным збаўленьні; падругое, — няпраўда, бытцам ён піша, кіруючыся думкамі Гомэра, Арыстотэля, Плятона. Тое, што Том прыймае за ідэі гэтых пісьменнікаў, зьяўляецца алегорычна-сымволістычным тлумачэньнем сьв. Пісьма.

Другая часьць пасланьня, прыналежачая, праўдападобна, пяру мніха Атанаса, складаецца з падробнага яго тлумачэньня, большай часьцю запазычанага з твораў айцоў цэркві і вылажанага ў форме прыповесьцяў і пытаньняў-адповедзяў. Атанасы мніх карыстаўся да гэтага тлумачэньня „Шестодневам“ Іоана экзарха баўгарскага, „Богаслоўем“ Іоана Дамаскіна і асабліва пытаньнямі-адповедзямі на Пяцікніжжа справядлівага Тэадарыта.

Вось прыклады тлумачэньняў:

Што значыць: я не ўсьцярогся тэй „піявицы“, якая сочыць ня толькі за эгіпцянамі, але і за іерузалімцамі? „Піявица“ — гэта ўлада і слава; эгіпцяне — сьвецкія людзі, іерузалімцы-мніхі. Славы і ўлады жадаюць ня толькі сьвецкія людзі, але і мніхі: жаданьне яе прасьледуе нас да магілы.