Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/427

Гэта старонка не была вычытаная

XVII стагодзьдзе.

XVII стагодзьдзе ў гісторыі нашай пісьменнасьці, як і ў гісторыі дзяржаўнасьці — гэта нахіл да ўпадку, рэакція ў грамадзянстве пасьля уздойму XVI ст. Люблінская дзяржаўная унія 1569 году, сьмяротна раніла дзяржаўны арганізм в. кн. Літоўскага, а рэлігійная унія 1596 году давяршыла ранейшы разьдзел у грамадзянстве, якое, высілкамі рэлігійнай рэакціі, было кінута на цэлых два стагодзьдзі на шлях занепаду.

Разбуджанае, ў другой палавіне XVI ст. гуманітарна-рэформацкім рухам, нашае грамадзянства пабачыла сябе адстаўшым ад заходна-эўропэйскага поступу і хапілася за умысловую працу, а ўрэшце, за абрываньне школ для асьветы шырэйшых масс. Гэтае разбуджанае грамадзянства, саўсім натуральна, старалася сьпярша утрымацца на асновах уласнай крыўскай культуры, але падасьпеўшае змаганьне за праваслаўе зьбіла яго с правільнага шляху на блуднікі, з якіх наш народ дагэтуль ня можа яшчэ выйсьці на простую дарогу.

Сталася гэта вось якім чынам. Усходнае славянста, разам с хрысьціянствам, прыняло ц.-баўгарскую пісьменнасьць. Гэта адзіная пісьменнасьць для ўсяго славянства ўсходнага абраду, спачатку, пакуль заходна эўропэйскія народы былі скаваны мёртвай лацінай, давала перавагу ўсходнаму славянству над славянствам заходным. Але калі гуманістычны рух вызваліў заходняе славянства с пут мёртвай лаціны, вызволеныя заходна-славянскія, германскія і другія мовы зьвярнуліся да жывых крыніц народнай мовы, з якіх чэрпалі патужныя сілы для свайго адраджэньня. У гэты самы час у нас сталася наадварот. Пад націскам рэформаціі і каталіцтва ўсходны славянскі абрад не спрамогся парваць з мёртвай ц.-славянскай граматнасьцю, каб кожды з усходна-славянскіх народаў мог пачаць развіваць сваю ўласную мову. Наадварот, павадыры праваслаўнага ўсходнага славянства пастанавілі за ўсякую цану утрымаць гэту штучную і шкодную еднасьць для усіх славянскіх плямён, ад Адрыятыку да Ноўгарада, якая мела выражацца ў адзінай кніжнай мове, а