Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/428

Гэта старонка не была вычытаная

ўжо ў канцы XVI і ў пачатках XVII ст. праявілася жаданьне прыблізіць нават жывыя мовы паасобных усходна-славянскіх плямён да „любезнѣйшого“, „суптелнѣйшого языка словенского“.

Мысьль гэта выплыла з саўсім фальшывых асноў, што бытцам, калісь, ўсе славянскія плямёны мелі адну супольную мову, якая захавалася не сапсаванай у літургічных і рэлігійных кнігах. Асобныя дыялекты славянскіх плямён былі вытлумачаны як агрубеньне і адзічэньне гэтай кніжнай мовы ў вуснах простага народу. І вось, заходна-эўропэйскі гуманізм у нас пайшоў пад клічам павароту граматнасьці і мовы народных масс да ц.-славяншчыны. Знайшліся абаронцы, моцныя пратэктары і гарачыя пропагатары гэтай ідэі, якую падтрымліваў у дадатку канстантынопальскі патрыархат і маскоўскі царызм.

У чысьленных, закладных, ў канцы XVI ст., грэка-лаціна-рускіх брацкіх школах, пастаноўлена было праводзіць на практыцы перавучываньне маладзежы. З гэтай мэтай „спудеям“ забаронена было гаварыць між сабой мовай „простай“, пазвалялася гаварыць толькі „па славянску і па грэцку“ (Голубевъ, „Истор. Кіевск. Академіи“ т. І, б. 198), а ў межах рэчыпасполітай яшчэ і па польску. Мова народная служыла ў школах, толькі як памочнае знадабьбе да навучаньня чужых моў, а галоўна мовы славянскай. Каб-жа адразіць вучняў ад мовы народнай, у школах як праваслаўных так і езуіцкіх, пісаліся вучыцелямі рыторыкі школьныя драмы, ў якіх выводзілі дурнога, забабоннага і сьмешнага селяніна, каторы гаварыў „простай“ мовай рожную нісянеціцу. Гэткім чынам жывая крыўская мова ў вачох, сьпярша студэнтаў, а пасьля ўзрослых грамадзян, ужо ў пачатках другой палавіны XVII ст. сталася з мовы „простай“ мовай „мужыцкай“. „Спудзеі“ брацкіх школ, праўда, навучаліся мёртвай і дзікай кніжнай тарабаршчыны, каторая акром школы нідзе ў практычным жыцьці ня мела дапасаваньня. Сумесныя-ж соймы, зьезды і паходы с палякамі давалі поле да шырокага карыстаньня шляхце мовай польскай, якая з сьвігавічнай скорасьцю пашыраецца сярод грамадзянства. Дзеля гэтага саўсім няслушна прыпісуюць віну спольшчаньня нашай шляхты адзіна езуітам і уніятам ды пропагандзе каталіцтва. Духавенства праваслаўнае і брацкія праваслаўныя школы палажылі нічуць ня менш сваіх высілкаў у гэтым кірунку.

І гэта саўсім зразумела, калі прыняць пад увагу, што паняцьце націі ў тыя часы заступалася дзяржаўнай і рэлігійнай прыналежнасьцю. Стоючы цьвёрда за ўсходны абрад дзеячы гэтага абозу, адпіраючы нападкі каталікоў,