Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/440

Гэта старонка не была вычытаная

галавой абасечны. Вада пад нагамі глыбокая, агонь па старонах няўгасны, зусюль стогны, зусюль страх, адусюль прасьледаваньні. Бяда ў гарадох і вёсках, бяда ў палёх і дубровах, бяда ў горах і бяздоньнях зямельных. Няма мёйсца супакойнага і басьпечнага. Дзень у болях і рамах, ноч у стогнах і ўздыханьнях, лета пякучае што самлееш, зіма марозіць да сьмерці. Прымусовую бо нагату цярплю і аж на сьмерць прасьледуюць мяне. Калісь дзіўная і багатая, цяпер агіджаная і бедная; калісь каралева, ўсім сьветам каханая, цяпер усімі пагарджаная і мучаная. Усё, што жыве, ўсе народы, ўсе жыхары зямлі, прыступіце да мяне, паслухайце майго голасу, пазнайце, чым была я даўней, і дзівуйцеся. Пасьмевішчам сьвету я сталася, а калісь для людзей і анелаў была я подзівам“.

А найбольш мук прычынілі свае ўласныя дзеці:

„Радзіла я дзяцей і выхавала, а яны адракліся мяне і спрычыніліся да майго упадку. Таму сяджу адна цяпер, як удовая, ў плачы, — калісь валадарка ўсходу і захаду, поўдня і паўночных краін. Дзень і ноч плачу і сьлёзы, як патокі, точацца па абліччы маім, і няма каму пацешыць мяне — ўсе паўцякалі ад мяне, усе пагордзілі мною. Мае свае далёка ад мяне, мае прыяцелі сталі ворагамі, мае сыны, пазавідаваўшы вужачаму племю, жыгаюць цела маё заразьлівымі жыгаламі. Слухайце жалобнай повесьці маей, усе народы, прыміце ў вушы свае, ўсе жыхары кругу зямельнага. Сыны і дочкі мае, каторых радзіла і выхавала, пакінулі мяне і пайшлі за тэй, якая не балела імі, каб ўдосыць насыціцца тучнасьцю яе. Сьвятары мае пасьлеплі, пастыры мае панямелі (няхочучы ведаць, што аб душы змаганьне), старцы мае падурнелі, маладзікі адзічэлі, дочкі пайшлі на распусту, і ўсе аднадушна, Бога і праўду яго забыўшы, на душу маю спрысягаліся“.

Сталася ўсё гэта дзякуючы адступніцтву і нядбаласьці зьверхнікаў:

„О біскупы, біскупы!… Ці ня годзі вам яшчэ тэй неацэненай утраты, якую панашу дзякуючы вашай нядбайнасьці, такую вялікую страту ў золаце і серабрэ, пэрлах і дарагіх каменьнях, ў каторых я пышалася, аздобленая вашым бацькам, колькідзесят лет як найслаўнейшая каралева? Дзе цяпер той неацэнны камянь-карбункул, бліскучы як сьветач, каторы я насіла ў кароне галавы маей між іншымі пэрламі, як сонца між гвёздамі, — дом князёў Астрожскіх, што сьвяціў над усе іншыя блескам сьветласьці старой сваей веры? Дзе іншыя дарагія і такжа неацэнныя камяні тэй кароны — слаўныя домы рускіх князёў, неацэнныя шафіры, неаценныя дыяманты: князі Слуцкія, Заслаўскія, Збаражскія, Вішневецкія, Сангушкі, Чартарыйскія, Пронскія, Ружынскія, Саламярэцкія, Галоўчынскія, Крошынскія, Масальскія, Горскія, Сакалінскія, Лукомскія, Пузыны і іншыя незлічоныя, каторых доўга было-бы вылічаць паасобку. Дзе і іншыя пры іх мае клейнады? Разумею радавітыя, слаўныя, высокадумныя, сільныя і даўныя домы, па ўсяму сьвету голасныя сваей добраю славаю, магутнасьцю і адвагай народу рускага: Хадкевічы, Глебовічы, Кішкі, Сапегі, Дорогастайскія, Войны, Валовічы, Зэновічы, Пацы, Галецкія, Тышкевічы, Корсакі, Хрэбтовічы, Трызны, Гарнастаі, Бокіі, Мышкі, Гойскія, Сямашкі, Гулевічы, Ярмалінскія, Чалганскія, Каліноўскія, Кірдзяі, Загароўскія, Мялешкі, Богавітыны, Паўловічы, Сасноўскія, Скуміны, Поцеі і інш.“